31 студзеня распачынаецца візіт ad limina Apostolorum (“Візіт да апостальскіх парогаў”) Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, сярод якіх таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Падчас прабывання ў Рыме, якое працягнецца да 7 лютага, іерархі наведаюць Апостальскую Сталіцу, сустрэнуцца са Святым Айцом Францішкам, якога ў чарговы раз запросяць наведаць нашу краіну. У ходзе візіту біскупы наведаюць шматлікія кангрэгацыі i Папскія рады. На сённяшні дзень прадугледжана 12 сустрэч у розных ватыканскіх дыкастэрыях.
Беларускія іерархі будуць таксама па традыцыі цэлебраваць Эўхарыстыі ў чатырох Вялікіх базыліках: св. Пятра, св. Паўла, св. Яна на Латэране і святой Марыі Вялікай.
Напярэдадні выезду grodnensis.by запытаўся біскупаў аб чаканнях, з якімі яны едуць на сустрэчу з Папам.
Сустрэча з Папам – аднаўленне погляду на функцыі біскупа
Біскуп Аляксандр Кашкевіч:
“Кожны раз, калі я еду ў Рым – а гэта ўжо трэці мой візіт такога характару, – еду з вялікай радасцю, бо магу ўкленчыць перад грабніцамі апосталаў, каб маліцца за наш мясцовы Касцёл, які мне дадзена ўзначальваць. Буду ў сваіх малітвах памятаць аб усіх духоўных асобах і нашых верніках. Асаблівым чынам буду маліцца ў інтэнцыі І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі.
Ad limina Apostolorum – выключная нагода для малітвы перад рэліквіямі св. Пятра ў Ватыканскай базыліцы і іншых месцах, дзе першыя хрысціяне гінулі за веру. Няспыннасць гісторыі збаўлення, якую назіраю, абавязвае мяне да ўмацавання маёй сувязі з Богам і да яшчэ большага ўключэння ў служэнне Касцёлу.
Сустрэча з Папам Францішкам – гэта нагода для аднаўлення свайго погляду на функцыі біскупа і паглыблення еднасці з Пятром нашых часоў. Асоба Святога Айца і тое, што ён робіць, для мяне незвычайна натхняльныя.
Маю надзею, што гэты візіт дазволіць мне лепш зразумець прагненні сэрца Папы і будзе плённым для мяне самога, як і для ўсяго нашага Касцёла ў Беларусі”.
Ad limina вызначыць канкрэтныя шляхі дзеяння
Біскуп Юзаф Станеўскі:
“Я ўпершыню адпраўляюся ў такі ad limina Apostolorum i маю свядомасць таго, што будзе крыху інакш, чым звычайна – калі еду толькі як турыст, каб пабачыць святыя месцы і ў іх памаліцца.
Як епіскапат Беларусі мы хочам прадставіць Апостальскай Сталіцы ўвесь наш духоўны набытак, нашы душпастырскія поспехі і радасці, якіх у нас вельмі шмат. Будзем казаць і пра нашы праблемы, каб супольна шукаць спосабы іх вырашэння.
Як той, хто падзяляе адказнасць на Касцёл на Гродзеншчыне, а таксама як Генеральны сакратар нашага епіскапату, я вырушваю ў цэнтр хрысціянства і для таго, каб паслухаць меркаванні Святога Айца Францішка і асобных кангрэгацый. Безумоўна, хачу пачуць з вуснаў Папы, што павінна стаць для нас прыярытэтнай справай і ў што найбольш трэба нам уключацца. Перакананы, што гэтыя сустрэчы вызначаць для нас канкрэтны шлях дзеяння на найбліжэйшыя гады.
Падчас сустрэчы са Святым Айцом, якая запланавана на 1 лютага – так адбываецца, што якраз у чацвёртую гадавіну маёй біскупскай сакры, – хачу падзякаваць за гэты давер і прызначэнне. Буду прасіць аб апостальскім благаслаўленні на далейшае служэнне, а таксама для ўсіх, хто ўтварае наш мясцовы Касцёл”.
Біскупы Гродзенскай дыяцэзіі просяць усіх святароў, сясцёр законных і вернікаў спадарожнічаць ім сваімі малітвамі, каб час, праведзены ў Ватыкане, прынёс благаслаўлёныя плёны.
Кс. Юрый Марціновіч