27-28 студзеня каманда “Радыё Марыя” наведала горад Гродна, а дакладней парафію Божай Міласэрнасці (Вішнявец).
Асноўнай мэтай было пазнаёміць вернікаў Гродна з “Радыё Марыя”, якое існуе ў Беларусі. Дзякуючы геаграфічнаму размяшчэнню і блізкасці да Польшчы, гродзенскія католікі ўжо знаёмыя з польскім “Радыё Марыя”. Таму супрацоўнікі беларускага “Радыё Марыя” вырашылі адправіцца на Гродзеншчыну, каб прынесці сюды навіну аб тым, што цяпер можна слухаць галасы свайго беларускага радыё.
“Радыё Марыя” ў Польшчы, у адрозненне ад “Радыё Марыя” ў Беларусі, не з'яўляецца часткай міжнароднай сям'і “Радыё Марыя”, у якой налічваецца амаль 85 радыёстанцый у 72 краінах свету. Для гэтага ёсць шмат прычын, адна з якіх – удзел радыё краіны-суседкі ў палітычным жыцці, што згодна са Статутам сусветнай сям'і “Радыё Марыя” не дазваляецца.
Падчас прабывання ў Гродна каманда беларускага “Радыё Марыя” правяла семінары “Я – журналіст!” і “Хрысціянскі бізнес”.
Паводле radiomaria.by