Skip to main content

Дэканальны прагляд калядак і пастаралак у Сапоцкіне: Бог сярод нас

kaliadki sapockin 128 студзеня ў Доме культуры ў Сапоцкіне адбыўся прагляд калядак і пастаралак. Гэтае свята прайшло ўжо ў 17-ы раз і сабрала шматлікіх вернікаў з Сапоцкінскага дэканата, гасцей з Гродна і ваколіц.

У свяце ўдзельнічалі таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і мясцовай улады. Культурна-рэлігійная сустрэчы адбылася пад дэвізам “Зорка, свяці, калядка, ляці, містэрыя няхай здзяйсняецца...”.

Сабраў нас Бог

Святочны канцэрт па традыцыі быў арганізаваны сапоцкінскай парафіяй Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў супрацоўніцтве з Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтрам.

Удзельнікі прагляду адзначаюць, што вельмі чакалі гэтага дня, напоўненага цеплынёй, радасцю і шчасцем.

“Менавіта тут я разумею, што я дома, бо сустрэча праходзіць у сяброўскай і сямейнай атмасферы. Гэта кажа аб тым, што наша вера ўмацоўваецца і становіцца больш свядомай. А самае галоўнае, што ўсіх нас сабраў тут Бог, а мы ў сваю чаргу праз праслаўленне Яго ў песнях паказваем, як шмат значыць Яго прысутнасць у нашым жыцці”, – кажа Таццяна Гайлюнас, якая была вядучай на сцэне.

Дзяўчына адзначае, што асаблівае замілаванне выклікаюць выступленні самых малодшых удзельнікаў, “яны падкупаюць сваёй непасрэднасцю і шчырасцю эмоцый”.

kaliadki sapockin 16

A найбольшае ўражанне ў гэтым годзе на Таццяну Гайлюнас зрабіла выступленне хору “Карфанты”, які прыехаў з Познані. “Яны ўразілі ўсіх сваім прафесіяналізмам і майстэрствам. Іх звінячыя галасы, здавалася, ляцяць у неба”, – дадае дзяўчына.

Багацце пакаленняў

Загадчык Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтра Ганна Галубцова адзначыла, што вельмі прыемна, што падобнае культурна-рэлігійнае мерапрыемства ўжо традыцыйна праходзіць у Сапоцкіне і нейкім чынам завяршае святочны перыяд Божага Нараджэння. “Мы нават не прыбіраем навагодніх дэкарацый да таго часу, як пройдзе прагляд гэтых спеваў”, – дадае Ганна Галубцова.

Загадчык культурна-турыстычнага цэнтра з вялікім гонарам адзначае, што ў гэтым свяце прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх пакаленняў, а сама падзея становіцца з кожным годам усё больш цікавай, так што зала мясцовага Дома культуры не ў стане змясціць усіх слухачоў.

Ганна Галубцова дадае, што наймалодшымі ўдзельнікамі сёлета былі чатырохгадовыя дзеці, а найстарэйшым больш за 80 гадоў. “Менавіта такім чынам мы ўсе разам вучым моладзь і старэйшае пакаленне, каб праз спеў яны маглі знайсці агульную размову між сабой”, – кажа загадчык культурна-турыстычнага цэнтра.

Стала ўжо традыцыяй, што калядныя песні ў Сапоцкіне гучаць на розных мовах: беларускай, польскай і рускай, а сёлета ў выкананні моладзі з гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай гучалі таксама на англійскай і нямецкай.

kaliadki sapockin 9

З песняй праз жыццё

На сцэне ў гэты дзень спяваюць калядныя песні цэлымі сем’ямі: дзеці разам з бацькамі. У гэтым годзе між іншым сваім спевам парадавалі сем’і Ярмак і Станкевічаў з сапоцкінскай парафіі.

Ганна Ярмак адзначае, што гэта чарговая магчымасць аддаць хвалу нованароджанаму Езусу, і не важна, прафесіянал ты або проста веруючы чалавек, які хоча спяваць ці чытаць вершы для Пана. “Наша сям’я ўжо другі раз прымае ўдзел у праглядзе калядак. Мы доўга рыхтаваліся да мерапрыемства, хваляваліся перад выхадам на сцэну. Мы вельмі ўдзячныя ўсім арганізатарам за такое цудоўнае каляднае свята ў Сапоцкіне!” – дзеліцца Ганна Ярмак.

Гжэгаж Станкевіч, які выйшаў на сцэну разам з жонкай Аксанай і трыма дочкамі – Агнешкай, Рэнатай і Юстынай, – адзначае, што спеў заўсёды спадарожнічае іх сям’і. “Падчас кожнага свята ў нашым доме не абыходзіцца без гітары. Спеў нас яднае. Мы разам славім Бога”, – дадае бацька сям’і.

Мужчына прызнаецца, што яго жаданнем з’яўляецца тое, каб гэтая добрая традыцыя была захавана ў іх сям’і. “Каб у маіх дачок надалей была гэтая ахвота спяваць. Бо калі не будзе гэтай ахвоты, то нікога не прымусіш”, – дадае Гжэгаж Станкевіч.

Сустрэча радасці і ўдзячнасці

Шмат маладых людзей, якія спяваюць на сцэне, адзначаюць, што сваім удзелам удзячныя старэйшаму пакаленню, якое паказала шлях да гэтай прыгожай традыцыі. Людміла Кавальчук пераканана, што гэта дзякуючы сваёй бабулі яна ўжо амаль 15 гадоў удзельнічае ў гэтым свяце. “Дзякуючы маёй бабулі, якая мяне, маленькую, брала з сабой на сцэну, я спазнала багацце калядных песень”, – кажа Людміла.

Дзяўчына дадае, што ніхто з прысутных у Доме культуры ў гэты дзень не застаўся абыякавым: слухачы падпявалі выступоўцам, што стварала незвычайна ўтульную сямейную атмасферу, атмасферу з’яднанасці Божых дзяцей. “Я ўпэўнена, што гэтая падзея адназначна прынесла ў жыццё кожнага нешта каштоўнае”, – адзначае Людміла.

kaliadki sapockin 11

Тыя, хто прысутнічаў у гэты дзень у Доме культуры, пакідалі яго з масай пазітыўных уражанняў, а найперш натхнёныя дзяліцца Евангеллем з кожным, каго сустракаюць. Гэтае свята яднае людзей, яднае цэлыя сем’і. “Кожны год гэтае свята аб’ядноўвае нас усіх у адну сям’ю, якая дапамагае нам адчуць, што Бог сярод нас. Гэта была сустрэча радасці і ўдзячнасці”, – кажа Агнешка Гедройць.

Гэтае свята ўжо даўно выйшла за межы Сапоцкінскага дэканата. На сцэне спяваюць вернікі не толькі з гэтага дэканата, але і з іншых месцаў і нават з-за мяжы.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім за гэтую прыгожую справу, якая з’яўляецца таксама абвяшчэннем жывога Евангелля. Іерарх выказаў падзяку арганізатарам: дэкану Сапоцкінскага дэканата кс. Антонію Абухоўскаму, супольнасці Дачок Маці Божай Балеснай (сёстры серафіткі), а таксама кіраўніцтву Дома культуры.

Біскуп выказаў надзею, што з гэтага фестывалю народзіцца шмат дабра ў сэрцах людзей, якое будзе бачным у штодзённым жыцці і ўчынках.

Кс. Юрый Марціновіч