У гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці адбылася першая ў новым годзе сустрэча малітоўнай групы “У абарону жыцця”. Падчас сустрэчы ўдзельнікі, якія прыбылі з іншымі членамі сваіх сем’яў, падзяліліся аплаткай і выказалі адзін аднаму навагоднія віншаванні.
За гарбатай і салодкім пачастункам сабраныя дзяліліся навінамі з жыцця сваіх сем’яў і дзякавалі Пану за прыйсце ў свет Божага Сына. Быў таксама час на супольнае спяванне калядак, якое асаблівым чынам набліжае атмасферу бэтлеемскай ночы.
Малітоўная група “У абарону жыцця” была заснавана пры парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне ў 2013 г. Зараз да яе належыць больш за 80 чалавек з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі. Пастаянна далучаюцца новыя ўдзельнікі, асабліва з тых парафіяльных супольнасцяў, куды члены малітоўнай групы накіроўваюцца на сустрэчы, каб абвяшчаць Евангелле жыцця.
Кожны ўдзельнік малітоўнай групы сваім штодзённым жыццём стаіць на абароне жыцця ад зачацця да натуральнай смерці, распаўсюджвае духоўнае ўсынаўленне зачатага дзіцяці, бярэ ўдзел у аўтапрабегах у інтэнцыі жыцця, якія арганізуюцца ў горадзе, і ў многіх іншых ініцыятывах, якія часта праводзяцца супольна з праваслаўнымі вернікамі.
Сустрэчы малітоўнай групы “У абарону жыцця” адбываюцца кожную першую суботу месяца ў касцёле Божай Міласэрнасці (Вішнявец). Сустрэча пачынаецца ў 18.30 адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і святой Імшой, пасля якой удзельнікі збіраюцца на малітву.
Жадаючыя далучыцца да малітвы могуць пазваніць па тэлефоне: 8 033 655 41 90.
Кс. Юрый Марціновіч