21 студзеня у межах XV фестываля калядных песень “Gloria in Excelsis Deo”, які праходзіў у гарадскім Доме культуры ў Іўі, парафію Свв. Апосталаў Пятра і Паўла наведаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх цэлебраваў у парафіі святую Імшу.
Падчас Імшы біскуп маліўся ў інтэнцыі ўсіх арганізатараў, удзельнікаў і ахвярадаўцаў фестывалю. Таксама іерарх маліўся аб адзінстве ўсіх хрысціян і за Святога Айца Францішка, які знаходзіўся з Апостальскім падарожжам у Перу.
На літургіі сабраліся дзеці і моладзь, якія прымалі ўдзел у сёлетнім фестывалі, з усіх парафій Іўеўскага дэканата. У гэтым годзе ўдзельнікаў было больш за 300. Разам з імі маліліся і вернікі Іўя.
У гаміліі біскуп звярнуў увагу на важнасць у жыцці кожнага чалавека Божага слова, якое трэба пазнаваць на старонках Бібліі. Іерарх падкрэсліў, што Евангелле – гэта Добрая навіна, якую нам пакінуў Хрыстус, які жадае, каб яна была прынята ўсімі.
Разважаючы над першым літургічным чытаннем гэтага дня, біскуп на прыкладзе жыхароў Нінівы паказаў, якім міласэрным і любячым з’яўляецца Бог.
“Гэта не Бог, які карае чалавека, але Бог, які сапраўды жадае нашага навяртання і змены і робіць усё магчымае, каб даць чалавеку шанс”, – адзначыў іерарх.
Біскуп звярнуў увагу таксама на словы Езуса Хрыста, які пачаў сваю публічную дзейнасць з закліку людзей да навяртання і пакаяння. У сувязі з гэтым іерарх патлумачыў, што кожнаму чалавеку трэба няспынна аднаўляць сваё жыццё і жыць Божай ласкай кожны дзень.
Біскуп падзякаваў удзельнікам і арганізатарам фестывалю за тое, што праз спеў калядных песень яны разам абвяшчаюць Божае слова і дзеляцца Добрай Навіной з іншымі.
Фестываль калядных і пастаральных песень стаў у Іўі ўжо традыцыяй. Ён арганізуецца парафіяй на чале з пробашчам кс. Янам Гавецкім і ў супрацоўніцтве з мясцовымі ўладамі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Баляслава Гавецкага