Skip to main content

У Смаргоні прайшоў парафіяльны “Музычны батл”

 

muzyczny batl 213 студзеня ў салезіянскім араторыі імя св. Яна Боско пры парафіі Cв. Міхала Арханёла ў Смаргоні адбыўся творчы вечар - “Музычны батл”.

Перад журы, парафіянамі і гасцямі выступілі дзве каманды ўдзельнікаў. Каманда пакалення 2000-х, у склад якой увайшлі школьнікі і студэнты, выконвала спевы 70-х гадоў XX-га стагоддзя. У сваю чаргу каманда пакалення 1970-х, якая складалася з прадстаўніц групы “ADMA” і аднаго саліста, выконвала сучасныя песні.

Такім чынам, у залі араторыя гучалі вядомыя ўсім музычныя хіты розных гадоў, і журы было сапраўды цяжка ацаніць, якая з каманд лепш падрыхтавалася да батла.

muzyczny batl 1

Падчас вечара прысутныя змаглі даведацца цікавыя факты і гісторыю з'яўлення кожнай песні, якія ў гэты вечар гучалі са сцэны араторыя. Дарэчы, часам удзельнікі не толькі выконвалі песні, але прадстаўлялі сапраўдны кліп на песню.

Гледачы актыўна падтрымлівалі ўдзельнікаў, а дзеці ўдзельніц старэйшай каманды прыйшлі з плакатамі і загадзя падрыхтаванымі крычалкамі, каб падтрымаць сваіх матуль, некаторыя з якіх упершыню выйшлі на сцэну.

muzyczny batl 3

У выніку абедзве каманды набралі аднолькавую колькасць балаў. Такім чынам, перамог добры настрой і задавальненне ад пройдзенай падрыхтоўкі да “Музычнага батла”.

Пасля супольнай малітвы, благаслаўлення і агульнага фотаздымка ўсіх удзельнікаў мерапрыемства чакаў сюрпрыз ад дырэктара супольнасці кс. Алега Жураўскага SDB - салодкі стол у знак падзякі за цудоўный музычны вечар.

Больш фотаздымкаў на sdb.by