14 студзеня ў Ваўкавыску адбылася аплаткавая сустрэча біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча з працаўнікамі чыгункі. На сустрэчы сабраліся ўдзельнікі душпастырства чыгуначнікаў з розных месцаў дыяцэзіі.
Сустрэча пачалася святой Імшой у касцёле св. Станіслава Косткі, дзе іерарха прывіталі дзеці і пробашч парафіі кс. канонік Алег Дуль.
У гаміліі душпастыр чыгуначнікаў Гродзенскай дыяцэзіі а. Эдвард Пяцельчыц CSsR разважаў над тым, што заўсёды трэба слухаць Езуса Хрыста, які асабліва звяртаецца да чалавека ў сваім Слове. Святар адзначыў, што Божае слова павінна стаць праграмай жыцця кожнага.
Пасля Імшы ўсе сабраныя сустрэліся пры супольным стале, дзе дзяліліся аплаткамі і выказвалі адзін аднаму святочныя пажаданні. Быў таксама час на сумеснае спяванне калядак, да якога заахвоцілі гаспадары – чыгуначнікі з Ваўкавыска.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў чыгуначнікам за іх актыўнасць і ўклад, які яны ўносяць у свет, і заклікаў да штодзённага служэння, якое павінна быць бачным у месцах іх працы.
“Няхай ваша штодзённая праца будзе прыгожым сведчаннем служэння Пану Богу і людзям”, – дадаў іерарх.
Душпастырства чыгуначнікаў у Гродзенскай дыяцэзіі апякуецца некалькімі сотнямі людзей, што працуюць на чыгунцы, і іх сем’ямі. Iдэя заснавання душпастырства нарадзілася ў 1991–1992 гг. у Парэччы, дзе тады быў пробашчам а. Андрэй Шчупал CSRS.
Кс. Юрый Марціновіч