13 студзеня ў Гродне адбылася аплаткавая сустрэча для навучэнцаў катэхетычных курcaў пры Аддзеле каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі. Сустрэча пачалася святой Імшой у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім), якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
“Гэта першая наша сустрэча ў новым годзе. Мы збіраемся як адна сям’я, якая жадае пазнаваць праўды веры праз катэхетычныя курсы”, – адзначыў на пачатку, вітаючы ўсіх удзельнікаў літургіі, біскуп.
Іерарх заклікаў усіх навучэнцаў курсаў, каб у сучасным свеце яны ўказвалі іншым на хрысціянскія каштоўнасці, якія вельмі часта забываюць. Біскуп прасіў, каб кожны з іх быў для свайго найбліжэйшага акружэння прыкладам веры і любові да Бога і чалавека.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыў, што кожны чалавек быў пакліканы Богам да спаўнення канкрэтнага задання, а рэалізуючы сваё пакліканне, чалавек надае сэнс свайму жыццю і робіць яго прыгажэйшым і лягчэйшым.
Святар заахвоціў удзельнікаў літургіі дзякаваць Богу за Яго позірк, поўны міласэрнасці, які заўсёды змяняе чалавека. “Кожны павінен у сваім штодзённым жыцці шукаць гэтага позірку Езуса”, – дадаў кс. Марціновіч.
Пасля Імшы ў будынку гродзенскай курыі адбылося дзяленне аплаткай. Ад імя ўсіх выкладчыкаў і навучэнцаў катэхетычных курсаў віншаванні біскупу Аляксандру Кашкевічу выказаў дырэктар Аддзела каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі a. доктар Андрэй Шчупал CSsR. Навучэнцам святар пажадаў, каб катэхетычныя курсы пашырылі для іх гарызонты жыцця, каб праз удзел у занятках яны яшчэ больш пазнавалі Бога і імкнуліся дзяліцца Ім з іншымі.
Таксама навучэнцы падрыхтавалі прадстаўленне на тэму Божага Нараджэння, рэжысёрам якога выступіла Алiна Петэнка. Праз яго яны паказалі, што кожны чалавек на працягу ўсяго года з’яўляецца сведкам Божага нараджэння. У сэрцы людзей прыходзіць і прабывае там той самы Езус. Трэба толькі выйсці Яму насустрач. А найперш трэба быць чалавекам, здольным дзяліцца любоўю і дабрынёй з іншымі людзьмі.
Kатэхетычныя курcы пры Аддзеле навучання і выхавання Гродзенскай курыі існуюць больш за 25 гадоў. На працягу гэтага часу яны выпусцілі вялікую колькасць катэхетаў, якія вядуць заняткі рэлігіі для дзяцей і моладзі ў парафіях ва ўсёй Беларусі.
JM
Фота Ангеліны Пакачайла