12 студзеня ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне адбыўся грандыёзны канцэрт сям’і польскіх музыкаў Паспяшальскіх. Творчая сям’я ўжо ў другі раз наведала Гродна: першае выступленне тут адбылося ў 2016 годзе.
Падчас канцэрту сям’я Паспяшальскіх прадставіла слухачам калядныя песні ў незвычайнай і прыгожай апрацоўцы. У кожную песню гэтыя людзі ўкладваюць душу, усё тое, што могуць і ўмеюць. З 15 артыстаў не было ніводнага, хто б не паказаў сваю індывідуальнасць на сцэне.
Прысутны на канцэрце біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у сваім слове перад распачаццем вечару адзначыў, што, хоць перыяд Божага Нараджэння ўжо завяршыўся, у нашых святынях гучаць радасныя калядкі.
Праз калядкі мы абвяшчаем Хрыстовае Евангелле
Іерарх падзякаваў Генеральнаму консулу Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраславу Ксёнжэку за прыкладванне вялікіх старанняў, каб канцэрт сям’і Паспяшальскіх адбыўся ў Гродне.
“Праз спеў калядак і пастаралак, якія нясуць у сабе праўду аб прыйсці ў свет Збаўцы, мы абвяшчаем Хрыстовае Евангелле”, – сказаў біскуп.
У сваю чаргу Яраслаў Ксёнжэк адзначыў, што гэта не толькі канцэрт, але і прабыванне разам і падтрымка добрых сямейных традыцый.
Падчас канцэрту Ян Паспяшальскі, заснавальнік і кіраўнік гэтага гурта, расказаў слухачам крыху пра сваю сям’ю, пра кожнага з тых, хто прысутнічаў на сцэне. Слухачам няпроста было паверыць у тое, што ўсе гэтыя людзі сапраўды адна сям’я, з’яднаная моцнай верай у Езуса Хрыста. Усе яны звязаны сямейнымі сувязямі: бацька, маці, брат, сястра… Акрамя таго, іх злучае агульнае захапленне.
“Дзякуем за тое, што можам праз два гады вярнуцца ў Гродна з нашым спевам, нашымі калядкамі і праслаўленнем нованароджанага Езуса”, – сказаў Ян Паспяшальскі.
Музыка адзначыў, што ў іх сямейным доме шмат гадоў падтрымліваюцца прыгожыя звычаі, да якіх адносіцца і супольны спеў калядак.
“Гэтыя калядкі спадарожнічалі нам усё наша жыццё. Мы спявалі іх падчас святаў Божага Нараджэння”, – распавёў Ян Паспяшальскі, дадаючы, што ні ў адной іншай краіне, акрамя Польшчы, не была ўтворана такая народная культура. “Гэта менавіта ў Польшчы ўзнікла найбольш калядак і пастаралак”, – з вялікім гонарам падкрэсліў музыка.
Ян Паспяшальскі падзякаваў усім прысутным на канцэрце за вернасць Пану Богу, Касцёлу і любоў да традыцыі.
Самі шматлікія слухачы пасля амаль двухгадзіннага канцэрту выходзілі са святыні поўныя ўражанняў, не хаваючы радасці і задавальнення.
Mузыка аб’ядноўвае людзей
Ганна Таўрэль з катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя ў Гродне была на канцэрце сям’і Паспяшальскіх двойчы і, як у першы раз, так і цяпер, толькі з яшчэ большым захапленнем гэтай сям’ёй, перажывала цудоўны канцэрт.
“Іх ігра на музычных інструментах, спеў, аранжыроўка проста заварожваюць кожны раз і напаўняюць сэрца радасцю і любоўю! Гэта дзіўная сям’я, якая паказвае прыклад таго, як музыка ўсіх іх аб’ядноўвае і дапамагае праславіць Бога праз таленты, якімі Ён іх адарыў”, – адзначае Ганна.
Таццяна Радзевіч з парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне пра сям’ю Паспяшальскiх чула даўно, ездзіла не раз на музычную майстэрню ў Івянец і была блізкая да іх творчасці. Але кожны раз, калі бачыла іх выступленні, здзіўлялася, як і ўпершыню, і выходзіла напоўненая натхнeннем і эмоцыямі.
“Мяне захапляе індывідуальнасць кожнага чалавека ў іх групе, усе граюць на розных інструментах і кожны спявае так асабліва. Мяне яшчэ больш пастаянна ўражвае тое, што ўсе гэтыя людзі – адна сям’я”, – дадае Таццяна.
Дзякуючы выдатным калядкам Паспяшальскіх дзяўчына, па яе словах, адчула Божае Нараджэнне яшчэ раз. “Усё было на вышэйшым узроўні, прыемна слухаць прафесіяналаў сваёй справы. Немагчыма было стаяць на адным месцы і проста слухаць. Маё цела неўпрыкмет само пачало падтанцоўваць. Для мяне сям’я Паспяшальскіх – добры прыклад евангелізацыі. А калі глядзіш на такіх людзей, узнікае шмат жаданняў і веры ў тое, што ўсё магчыма”, – адзначае Таццяна Радзевіч.
Слухачы жадаюць, каб Езус даў сіл гэтай сям’і, каб яна з яшчэ большым жаданнем і энтузіязмам спявала ў Яго хвалу і яшчэ не адзін раз выступіла з канцэртам, падрыхтаваным для жыхароў Гродна.
Кс. Юрый Марціновіч