З 28 снежня па 1 студзеня ў Базэлі (Швейцарыя) прайшла 40-я Еўрапейская сустрэча моладзі Тэзэ. У сустрэчы прымалі ўдзел каля 20 маладых людзей розных хрысціянскіх канфесій з усёй Еўропы, у тым ліку з Беларусі. Уражаннямі падзялілася Ірэна Гайдоўская з Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі "OPEN" у Гродне.
"У сваім штогадовым лісце да ўсяго свету брат Алоіс, настаяцель супольнасці Тэзэ, заклікае нас да невычэрпнай радасці. На працягу ўсяго 2018 года мы будзем разважаць над чатырма прапановамі: 1. Паглыбляць крыніцы радасці. 2. Чуць крык найбольш пакутуючых. 3. Падзяляць выпрабаванні і радасць. 4. Паміж хрысціянамі радавацца дарам адзін аднаго. Прабываючы разам з усімі, мне хацелася як мага больш і глыбей перажыць гэтую сустрэчу", – адзначае Ірэна.
"З таго часу, як мне давялося пабываць у самой вёсцы супольнасці, Тэзэ стала для мяне ціхай крыніцай надзеі і натхнення, – дадае дзяўчына. – Гэта час для пошуку зносінаў з Богам. Агульная малітва, спевы, цішыня, адарацыя ля крыжа, якія ўсіх аб'ядноўваюць. Гэта ўклад сябе ў агульную справу для прымірэння. Кожны раз Тэзэ дае мне зразумець, што ёсць нешта, што важнейшае за штодзённыя клопаты і мітусню".
"Цаніць тут і цяпер. Свяціць і радавацца разам з усімі прастаце жыцця. Адгукнуцца першым раней, чым цябе аб чымсьці папросяць, – кажа Ірэна. – Тэзэ пастаянна вучыць мяне рухацца наперад, давяраючы свой шлях на зямлі Богу. Не спыняцца на дасягнутым этапе. Адкрывацца на іншага чалавека сваімі талентамі, ведамі і ўменнямі служыць і дапамагаць іншым. Перш чым зрабіць штосьці для сябе, падумаць у гэты момант пра іншага чалавека".
"Як званочак заклікае, пабуджае да дзеяння: ідзі, не стой, адкінь сумненні, няўпэўненасць. Проста бяры і рабі, што ўмееш у гэты момант, у гэтую хвіліну свайго жыцця. Бо як хрысціяне мы пакліканы рыхтаваць шляхі прымірэння на зямлі. Памнажаць нашу еднасць моцай і любоўю Хрыста і ісці далей разам з усімі, хто шукае Бога сярод іншых", – заключае Ірэна Гайдоўская.
Пачатак Еўрапейскім сустрэчам моладзі Тэзэ, якія ўпісваюцца ў "Пілігрымку даверу па зямлі", быў пакладзены ў 1970-я гг. братам Ражэ.
JM