Каб перадаць святочны дух Божага Нараджэння і наблізіць пасланне, якое сыходзіць з бэтлеемскай пячоры, душпастыр Лідскага раддома кс. Юрый Бяганскі наведаў маці, якія знаходзяцца ў гэтым раддоме.
Завітваючы да маці і іх нованароджаных дзяцей, святар склаў віншаванні са святамі Нараджэння Пана і Новым годам, а таксама павіншаваў з нараджэннем дзяцей. Ксёндз Юрый Бяганскі падзякаваў бацькам за перадачу жыцця сваім дзецям і за прыгожае сведчанне, якое яны даюць іншым бацькам, і пажадаў, каб яны былі для сваіх дзяцей найперш прыкладам веры і любові да Бога і бліжняга.
Святар наведваў раддом на працягу двух тыдняў, з 24 снежня па 7 студзеня. Падчас візітаў кс. Бяганскі дзяліўся з маці аплаткай і благаслаўляў нованароджаных, пакідаючы пры гэтым маленькі падарунак.
Па словах дырэктара раддома Святланы Яўланавай, “у гэты перыяд лідская зямля ўзбагацілася 41 новымі людзьмі”, і такі візіт – вялікая радасць і падтрымка для гэтых жанчын, бо яны праводзяць гэтыя найпрыгажэйшыя святы па-за домам, без родных і блізкіх, хоць маюць у дар ад Бога “новага чалавека”.
Дырэктар раддома нагадала бацькам, што кожнае дзіця атрымлівае жыццё ў дар, а пачаць існаваць яно можа толькі тады, калі бацькі яго палюбяць і маці вырашыць падзяліцца з ім часткай свайго цела і крыві.
Кс. Юрый Марціновіч