Skip to main content

Удзельнік Еўрапейскай сустрэчы моладзі Тэзэ – пра плюсы і мінусы, што ўдалося ўбачыць падчас яе

 

dudkin 6З 28 снежня па 1 студзеня ў швейцарскім горадзе Базэль адбылася 40-я Еўрапейская сустрэча моладзі Тэзэ.

Сустрэчы ў духу Тэзэ – гэта не толькі эмоцыі, звязаныя з пранікаючай у вушы музыкай малітоўных канонаў, ці сільвестрава-навагодняе “свята народаў”. Гэта таксама фармацыйная праграма, a таксама магчымасць сведчыць аб Езусе Хрысце і сваёй прыналежнасці да Касцёла.

Менавіта з такім намерам ехаў у Базэль малады чалавек з Гродна Яўген Дудкін. Для яго гэтая паездка на сустрэчу ў Швейцарыю як на малітву, так і ў саму гэтую альпійскую краіну – першая. Зрабіць крок насустрач жаданню і магчымасцям дапамог кс. Антоні Грэмза, душпастыр моладзі.

dudkin 4

“Швейцарыя – шматканфесійная краіна, у якой дамінуючае становішча маюць пратэстанты, таму было важна засведчыць пра веру католікаў, іх адносіны з Богам, паспрабаваць зразумець погляд саміх пратэстантаў, іх уплыў на мясцовых католікаў, што не заўжды атрымлівалася ў нас без дапамогі святара”, – адзначае Яўген.

dudkin 2

Па словах хлопца, у кожнай падзеі ёсць плюсы і мінусы. Плюсам тут з’яўляецца супольная малітва з моладдзю розных краін: сёлета каля 20 тысяч чалавек славіла Хрыста праз спевы, чытанні, згуртаванасць; моўная практыка, магчымасць пазнаёміцца з нацыянальнай культурай швейцарцаў і распавесці пра сваю.

“Адкрытыя да малітвы, мы, моладзь розных краін, у размове неслі праз размову, агульнае дзяленне хлебам падчас абеду, дапамогу ў транспарце, цяпло, любоў да бліжняга”, – кажа Яўген.

Па словах маладога чалавека, кожная паездка, пілігрымка – гэта “магчымасць убачыць чалавека па-за сценамі святыні, яго натуру, норавы і погляды, пачуць імкненні і перажыванні, крануць нават стэрэатыпы ці шаблоны часу ці рэгіёну”.

dudkin 5

“Мінусы ж, якія мы ўбачылі ў сабе, – гэта, як мне здаецца, імкненне да камфорту, якое сустрэла побытавыя цяжкасці, і мусіла скарыцца ці перарасці ў пакору, маленькі пілігрымкавы крыж дзеля хвалы Езуса, – дадае Яўген. – Так, канешне, шмат хто спаў у гаспадароў на падлозе ці ў шпіталі, у кожнага свой час і рацыён харчавання, характар і паводзіны ў калектыве, успрыманне самой паездкі і яе ролі ў сэрцы”.

“Але ж магу засведчыць, што тыя два разы, калі я згубіўся, Пан Бог вёў мяне сваёю дарогаю, у час якой сустрэў цікавых пілігрымаў з Польшчы і Украіны, змог папрактыкаваць англійскую мову сам-насам з яе носьбітам і знайсці тую доўгачаканую цішыню, якая губляецца часта ў пастаянным знаходжанні ў калектыве, – распавядае хлопец. – Таксама Пан пачуў маю просьбу, і мая група аказалася ў каталіцкай парафіі і каталіцкай сям’і, а таму не варта было ехаць у іншы горад, каб шукаць касцёл для ўдзелу ў святой Імшы ў нядзелю і 1 студзеня”.

“Нашы ўласна беларускія танцы і песні вельмі спадабаліся прадстаўнікам іншых краін, а мы падтрымалі групы з Польшчы і Украіны, якія мелі ўсім вядомыя нашы славянскія, з часоў Рэчы Паспалітай”, – кажа Яўген.

“Таму дзякую ўсім адказным асобам і валанёрам, якія паспрыялі арганізацыі малітоўнай сустрэчы ў Базэлі, і адчуваю, што плёны самой паездкі яшчэ не да канца раскрыты і, думаю, будзе нагода вярнуцца да гэтай тэмы”, – заключае ўдзельнік сустрэчы.

Кс. Юрый Марціновіч