З 28 снежня па 1 студзеня ў швейцарскім горадзе Базэль адбылася 40-я Еўрапейская сустрэча моладзі Тэзэ. Пачатак гэтым сустрэчам, якія ўпісваюцца ў “Пілігрымку даверу па зямлі”, быў пакладзены ў 1970-я гг. братам Ражэ.
У сёлетняй сустрэчы прымалі ўдзел каля 20 тыс. юнакоў і дзяўчат розных хрысціянскіх канфесій з усяго кантынента, у тым ліку з Беларусі. З Гродзенскай дыяцэзіі таксама ўдзельнічала група моладзі.
Выключнае геаграфічнае палажэнне Базэля, які знаходзіцца на мяжы Швейцарыі, Германіі і Францыі, дазволіла пілігрымам з лёгкасцю пабываць у гэтых трох краінах.
Ірына Семак з парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні ўдзельнічала ў экуменічнай сустрэчы ўпершыню і вярнулася поўнай уражанняў, а галоўнае – умацаванай у духу і веры.
“Калі едзеш першы раз, то не да канца разумееш, што цябе чакае, як будзе ўсё адбывацца. Але хачу сказаць, што я засталася пад пазітыўнымі ўражаннямі ад усяго, што было са мной у гэтыя дні ў Базэлі. Ад сям'і, у якой жылі з сяброўкай, да малітваў і парафіяльных сустрэч”, – адзначае Ірына.
Дзяўчына з поўным перакананнем сцвярджае, што сустрэчы ў духу Тэзэ яднаюць людзей і вучаць будаваць еднасць у сваім атачэнні.
“Тэзэ сапраўды аб'ядноўвае. Аб'ядноўвае людзей, бо мы маглі дзяліцца сваёй культурай, звычаямі, традыцыямі з сем'ямі. Тэзэ aб'ядноўвае нацыі, бо ў навагоднюю ноч мы мелі магчымасць праз спевы, гульні і танцы адчуць культуры розных краінаў гэтага свету. Гэтая сустрэча аб'ядноўвае людзей розных канфесій, таму што сярод нас былі і католікі, і праваслаўныя, і пратэстанты, і іншыя. Але ўсіх нас яднаў Бог!” – кажа Ірына.
Па словах удзельніцы сустрэчы, гэта неверагодная паездка, якая з’яўляецца магчымасцю пазнаць і палюбіць малітву ў духу Тэзэ.
Наступная Еўрапейская сустрэча моладзі пройдзе ў Мадрыдзе (Іспанія). Гэта будзе ўжо 41-я такая сустрэча.
Кс. Юрый Марціновіч