Skip to main content

Вігілія для бедных адбылася ў Гродне

wgl biazd 3Аплаткавая сустрэча для людзей, якія не маюць свайго прытулку або дастатковых фінансавых сродкаў для годнага жыцця, адбылася 21 снежня ў доме сясцёр назарэтанак у Гродне. Спатканне стала магчымым дзякуючы падтрымцы Дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас”. 

Мерапрыемства пачалося чытаннем фрагмента з Евангелля і віншаваннямі, якія скіравалі да прысутных дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і дырэктар гродзенскага аддзялення “Карытас” кс. канонік Раман Рачко. 

“Няхай паўсюль, куды Вы прыходзіце з просьбай аб дапамозе, людзі ідуць Вам насустрач. А Вы, у сваю чаргу, не забывайцеся пра ўдзячнасць, і тады свет навокал стане больш ветлівым”, – пажадаў іерарх.

wgl biazd 9

Пасля афіцыйнай часткі сустрэчы адбыўся абед з традыцыйнымі вігілійнымі стравамі: грыбным супам і селядцом з бульбай ды буракамі. Прыемным бонусам для сабраных стала духмяная гарбата з лімонам і выпечка з макам.

Звычайна за святочным сталом на вігіліі для бедных застаецца з два дзясятка вольных месцаў: хтосьці забірае сваю порцыю раніцай, хтосьці прыходзіць пазней. Але сёлета абедзенная зала поўнілася людзьмі. Звыш 80-ці чалавек сабралася разам, ламаючыся аплаткай і ўтвараючы вялікую гаманлівую сям’ю. 

“Першымі, хто прыйшоў прывітаць народжанага Езуса, былі пастушкі. І ў даўнія часы, і сёння гэта людзі, якія часта церпяць нястачу. Дык няхай бэтлеемскія пастушкі нагадваюць Вам пра любоў Хрыста і пашану, у якой Вы ў Яго знаходзіцеся”, – адзначыў біскуп Юзаф. 

Урачыстага настрою спатканню дадалі калядкі, якія прыглушана гучалі ў аздобленай зале. Жадаючы аддзячыць манаскім сёстрам і святарам за арганізаванае свята, сабраныя зладзілі імправізаванае выступленне. Са словамі “Для Вас ад начлежкі” адзін з прысутных выканаў песню на верш паэта Сяргея Ясеніна. 

wgl biazd 24

Акрамя ўдзелу ў вігілійных сустрэчах абяздоленыя маюць магчымасць штодня паабедаць у назарэтанскай сталовай для бяздомных: гарачае можна з’есць на месцы або ў слоіку забраць порцыю з сабой. Адказная за сталоўку с. Нэрэўша стараецца разнастаіць рацыён і на кожны дзень прыгатаваць іншы суп: гарохавы, расольнік, боршч... “Кепска, калі чалавек галодны. На поўны страўнік і адкрыцца на бліжняга лягчэй”, – дадае з усмешкай манахіня.

wgl biazd 14

Ангеліна Марцішэўская