17-19 снежня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне адбыліся адвэнтавыя рэкалекцыі. Сёлета яны былі прысвечаны тэме “Адвага і мужнасць”.
На прыкладзе благаслаўлёных мучанікаў нашых земляў – Мар’яны Бярнацкай і 11 сясцёр-мучаніц з Навагрудка – вернікі вучыліся, як быць адважным хрысціянінам у сучасным свеце.
У апошні дзень рэкалекцый у святыні сабралося шмат сужэнцаў, якія мелі магчымасць аднавіць сужэнскія абяцанні, а ў рэкалекцыйнай навуцы як прыклад для іх узгадвалася Святая Сям’я з Назарэта. Рэкалекцыяніст падкрэсліў, што вельмі важна не страціць з вачэй ідэалу, якім з’яўляецца Святая Сям’я. “Пакуль чалавек мае перад вачыма ідэал, ён – нават калі да яго не дарастае – нягледзячы на ўсё, крок за крокам да яго набліжаецца. Але калі ідэал знікне ў яго з вачэй, ён ужо не ідзе наперад, а круціцца ў коле або нават вяртаецца назад”, – дадаў рэкалекцыяніст.
Дзякуючы Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта вернікі ў гэты дзень мелі магчымасць ушанаваць рэліквві благаслаўлёных назарэтанак з Навагрудка.
Рэкалекцыяніст звярнуў увагу, што благаслаўлёныя сёстры-мучаніцы з Навагрудка асабліва сёння, у абставінах крызісу сям’і, нагадваюць той сапраўдны ідэал Святой Сям’і, тое жыццё, да наследавання якога ўсе нашы сучасныя сем’і закліканы і запрошаны.
Было адзначана таксама, што сёння свет патрабуе адважных сем’яў, якія не будуць баяцца перадаваць дар жыцця і бясцэнны дар, якім з’яўляецца вера, наступным пакаленням.
Адвэнтавыя рэкалекцыі праводзіў кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі.
JM