Skip to main content

Дні засяроджання для дзяўчат прайшлі ў Гудагаі

gudagaiRekalekcyiДні засяроджання для дзяўчат пад дэвізам "Затрымайся, паслухай у цiшынi" ў чарговы раз прайшлі ў кляштары сясцёр кармэлітак Дзіцятка Езус у Гудагаі.

Час правядзення гэтых духоўных практыкаванняў у час Адвэнту спрыяў таму, каб зрабiць прыпынак i ўстрымацца ад штодзённых клопатаў, якiя часам перашкаджаюць паглядзець, як i чым я жыву, якiя маю адносіны з Богам і чаго чакаю ад Нараджэння Хрыста.

Усяму гэтаму спрыялі цiшыня, малiтва, адарацыя і разважанні. Сваімі ўражаннямі падзяліліся ўдзельніцы адмысловых рэкалекцый.

Вольга Шафран:

— Кожныя Дні цішыні ў сясцёр кармэлітак Дзіцятка Езус у Гудагаі — яшчэ адна магчымасць зазірнуць глыбей у сваё сэрца, убачыць раненні, у якіх ужо пэўны час можа быць адкрыты крывацёк.

Зразумела, у такі час патрэба прыйсці на "кансультацыю" да самага лепшага Лекара, распачынаючы "курс лячэння" ў самага лепшага "Рэабілітолага", асабліва вострая. Тым больш, усе ўмовы спрыяюць гэтаму: адчыненая праз увесь час капліца, маўклівасць навакольнага асяроддзя, гасціннасць сясцёр-гаспадынь, шчырасць і адкрытасць дзяўчат.

Да глыбокіх разважанняў натхнялі таксама канферэнцыі кс. Юрыя Ясевiча і а. Юрыя Кулая OCD.

Кацярына Крыжэўская:

— Прыемна было адпачыць у коле добрай кампаніі, пагаманіць за кубкам гарбаты, больш даведацца пра тое, чым жывуць і як працуюць прадстаўнікі розных прафесій.

За ўсіх, каго сустрэлі, і за тое, што сустрэла нас за гэтыя два дні, дзякуем Пану Богу! Асобныя словы падзякі выказваем арганізатарам нашых Дзён цішыні: за магчымасць быць побач, за клопат пра нас, ахвярнасць і працу, простую ўсмешку і падтрымку, за прыклад! Памятаем у малітвах і чакаем новых сустрэч!

Паводле Catholic.by