Skip to main content

Выйшла адзінаццатае выданне зборніка «Studia Theologica Grodnensia»

fatima 521379 1280У снежні выйшаў у свет зборнік па навукова-тэалагічнай праблематыцы «Studia Theologica Grodnensia», выдадзены Гродзенскай дыяцэзіяй. Гэта ўжо адзінаццатае выданне, якое бачыць свет у год, калі Каталіцкі Касцёл ва ўсім свеце адзначае юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, а Гродзенская дыяцэзія перажывала перэгрынацыю копіі фігуры Маці Божай Фацімскай.

Гэтыя падзеі, важныя ў жыцці як Паўсюднага, так і мясцовага Касцёла, знайшлі адлюстраванне таксама ў новым нумары, дзе некаторыя аўтары прысвяцілі свае артыкулы марыйнай тэматыцы. Таму гэтае выданне – своеасаблівы ўдзел у святкаванні фацімскага юбілею.

Тэматыцы Маці Божай прысвечаны між іншым артыкул кс. Юрыя Бяганскага, у якім аўтар аналізуе прысутнасць Панны Марыі ў літургіі Касцёла і ў народнай пабожнасці. Святар падкрэслівае, што хрысціянская марыйная пабожнасць укаранёна ў кульце Хрыста, з яго вынікае і да яго вядзе.

У артыкуле ўзгадваюцца таксама сродкі, якія дапамагаюць вернікам у развіцці і паглыбленні здаровай марыйнай пабожнасці, і апісваецца развіццё набажэнства да Маці Божай Фацімскай у Беларусі і за яе межамі.

knigaВа ўступе да публікацыі рэдакцыйная калегія выказвае ўдзячнасць усім аўтарам апублікаваных артыкулаў і дзеліцца радасцю, што як у Гродзенскай дыяцэзіі, так і па-за ёю пастаянна ўзрастае колькасць людзей, якія супрацоўнічаюць з гэтым навуковым выданнем.

Рэдакцыйная калегія заахвочвае да супрацоўніцтва таксама ўсіх, хто жадаў бы падзяліцца з шырокай грамадскасцю здабытымі ведамі, вынікамі ўласнага налізу і навуковых даследаванняў. “Верым, што дзякуючы вашым артыкулам наш часопіс будзе яшчэ больш цікавым, тэматычна ўсебаковым, ўзбагачаючым чытачоў інтэлектуальна і духоўна”, – адзначаецца ва ўступе.

Зборнік навуковых артыкулаў «Studia Theologica Grodnensia» заснаваны ў 2007 г. Iніцыятарам дадзенай навуковай працы – першага такога роду выдання як у Касцёле на Гродзеншчыне, так і ў Касцёле ў Беларусі – з’яўляецца біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Зборнік «Studia Theologica Grodnensia» ўключае артыкулы на чатырох мовах: польскай, беларускай, рускай, італьянскай. У ім зразумелая структура зместу, што нязмерна палягчае практычнае карыстанне навуковымі публікацыямі аўтараў.

У першай частцы змяшчаюцца матэрыялы з канферэнцый і навуковых сімпозіумаў, у другой – навуковыя артыкулы, у трэцяй – справаздачы. У большасці ўсе навуковыя матэрыялы маюць рэзюме, што дае магчымасць наблізіць да чытача змест артыкулаў у скарочаным выглядзе і дазволіць ацаніць прадстаўленыя публікацыі.

Кс. Юрый Марціновіч