Акадэмічнае Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN” правяло дабрачынную акцыю на карысць хворых дзяцей “Пячэнька за пячэнька”.
Усе ўдзельнікі душпастырства, а таксама ўдзельнікі біблійнай, адарацыйнай груп, лідары курса “Альфа” і Душпастырства маладых сем’яў самі пяклі смачнае печыва і прыносілі яго ў залу пабрыгіцкага касцёла ў Гродне.
Акцыя традыцыйна адбылася ў другую нядзелю Адвэнту ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя. Пасля кожнай святой Імшы моладзь раздавала за ахвяраванні ўласна зробленае печыва.
Дабрачынная акцыя моладзевага душпастырства накіравана на дапамогу дзецям з асаблівасцямі ў развіцці, найперш для пацыентаў Гродзенскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, на неабходную дапамогу і падарункі дзецям-інвалідам.
“Шмат людзей, якія ў гэты дзень удзельнічалі ў святой Імшы ў катэдральным касцёле, жадалі падзяліцца сваёй цеплынёй і дабрынёй з іншымі. Вернікі Гродна станоўча паставіліся да праведзенай акцыі, бо ўдзельнічаюць у ёй кожны год, і таму з радасцю прымалі ўдзел, аддаючы са сваімі ахвяраваннямі і часцінку сваёй міласэрнасці і клопату аб дзецях”, – адзначае валанцёр дабрачыннай акцыі Ірына Сосна.
Аргаізатары гэтай добрай справы, якая ўжо ўпісалася ў адвэнтавую традыцыю Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN”, удзячныя Богу і ўсім тым, хто прыняў удзел у акцыі “Пячэнька за пячэнька” і адкрыў сваё сэрца на бліжняга.
“Няхай любячы Пан благаславіць кожнага ахвярадаўцу, „бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне” (Мц 25, 35–36)”, - кажуць арганізатары.
Кс. Юрый Марціновіч