Skip to main content

Cемінар для абаронцаў жыцця і сям’і адбыўся ў Гродне

 

seminar obrona 819-10 снежня ў Гродне ў кляштары манахінь Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта адбыўся базавы семінар для абаронцаў жыцця і сям’і ў форме майстар-класа. Арганізатарам семінара выступіў дабрачынны фонд “Адкрытыя сэрцы”.

На семінары сабраліся асобы з розных месцаў Беларусі, якія штодзень праз канкрэтныя ўчынкі і малітву ўдзельнічаюць у справе абароны чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці.

У раскрыцці тэматкі семінара дапамагалі кваліфікаваныя спецыялісты ў гэтай галіне. Сваім вопытам і багатымі ведамі падзяліліся Іван Пузанаў, Наталля Пузанава, Вольга Чаркасава – спецыялісты ў вобласці псіхалогіі, педагогікі, тэалогіі, метаду распазнавання плоднасці i інструктары школы натуральнага нараджэння.

У межах семінара закраналіся такія пытанні, як дэмаграфічны крызіс у свеце і ў Беларусі. Прыводзілася статыстыка, прычыны і наступствы штучнага апладнення i праўда пра кантрацэпцыю.

Гаварылі шмат аб тым, якой сёння павінна быць сям’я, ад якой у вялікай меры залежыць будучыня грамадства. Падкрэслівалася, што сям’я як фундаментальная ячэйка грамадскага жыцця з’яўляецца першым і найважнейшым выхаваўчым асяроддзем для дзіцяці. Гэта супольнасць у найглыбейшым і найпаўнейшым значэнні гэтага слова, супольнасць незвычайная, якая з’яўляецца мадэллю і нормай для ўсіх іншых грамадскіх груп.

seminar obrona 112

Узгадвалася таксама аб небяспеках, з якімі сёння можа сустрэцца сям’я, і крызісах, а таксама спосабах іх пераадолення. Увага звярталася і на падрыхтоўку маладых людзей да сакрамэнту сужэнства, удзельнікі супольна шукалі адказ на пытанне “ці магчыма сёння казаць пра цнатлівасць?”.

Сабраныя разважалі над праблемай эўтаназіі, якая прысутнічае сёння ў некаторых еўрапейскіх краінах і з’яўляецца дзейсным выкліканнем смерці хворага і церпячага. Прыгадвалася навучанне Каталіцкага Касцёла на гэтую тэму, дакументы якога на першае месца ставяць праблему веры і права чалавека на жыццё. Было падкрэслена, што чалавечае жыццё паходзіць ад самога Бога, толькі Бог з’яўляецца Панам жыцця, яно святое і недатыкальнае.

seminar obrona 20

Семінар для абаронцаў жыцця і сям’і стаў часам абмены думкамі па многіх пытаннях, якія турбуюць чалавека сёння, і заахвочваннем да таго, каб у сваім асяроддзі абвяшчаць праўду, што найважнейшымі каштоўнасцямі з’яўляюцца Пан Бог, сям’я і абарона ненароджаных дзяцей, асабліва тых, якім пагражаюць т.зв. еўгенічныя аборты.

У перажыванні семінара дапамагала выстаўкa "Два шляхі: што абярэш ты?", якая змяшчала і статыстыку, і канкрэтныя факты.

Кс. Юрый Марціновіч