Skip to main content

Трох новых дыяканаў атрымала Гродзенская дыяцэзія

 

dyjakany nn 338 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў дыяканскае пасвячэнне тром навучэнцам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Урачыстасць адбылася ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

Пасля некалькіх гадоў фармацыі для семінарыстаў Андрэя Каўшука, Эрнэста Мікалайчыка і Рамана Вайцяховіча надышоў час жніва. Праз пасвячэнне дыяканату маладыя людзі былі ўключаны ў духоўны стан, каб, умацаваныя дарам Духа Святога, маглі дапамагаць біскупу і яго прэзбітэрам у служэнні слова і алтара.

Урачыстасць сабрала шматлікіх святароў і вернікаў, якія прыбылі з розных бакоў дыяцэзіі, каб падтрымаць малітвамі кандыдатаў да пасвячэння. Прысутнічалі таксама іх бацькі і прадстаўнікі парафіяльных супольнасцяў, адкуль яны паходзяць.

dyjakany nn 31

У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі прыносіць у Касцёле на Гродзеншчыне плён радасці трох новых слуг Божага слова і Эўхарыстыі і нагадвае, што кожнага чалавка Пан Бог адарыў ласкай паклікання да святасці.

“Гэтае пакліканне да святасці і Божага сыноўства паўсюднае, бо датычыць кожнага хрысціяніна. Гэта дар, а адначасова і заданне для выканання. Гэта шлях, на які мы ўступілі ў момант святога хросту, і мэта, да якой імкнёмся праз усё наша жыццё”, – сказаў іерарх.

Біскуп патлумачыў, што, каб чалавк мог дасягнуць гэтай мэты, Бог у сваім Провідзе вызначае кожнаму акрэсленае месца ў жыцці, ставіць перад ім разнастайныя заданні, вядзе кожнага непаўторным шляхам.

“Таму мы можам сказаць, што рэалізуем наша хрысціянскае пакліканне тады, калі з верай і паслухмянасцю адказваем Пану “так” на Яго заклікі”, – дадаў іерарх.

Звяртаючыся да кандыдатаў да дыяканату, біскуп Кашкевіч адзначыў, што яны былі пакліканы Богам ісці за Ім найпрыгажэйшым, хоць і вельмі цяжкім і патрабуючым вялікага прысвячэння шляхам святарскага паклікання.

dyjakany nn 17

“Сёння вы распачынаеце апошні, вельмі важны этап падрыхтоўкі да Хрыстовага святарства. Прыміце гэты вялікі дар і рэалізуйце яго з руплівасцю і адказнасцю. Будзьце ўдзячныя Хрысту за давер, які аказаў кожнаму з вас”, – заклікаў іерарх

Гродзенскі ардынарый нагадаў, што праз некалькі месяцаў новыя дыяканы будуць скіраваны да душпастырскага служэння ў парафіяльных супольнасцях Гродзенскай дыяцэзіі і што людзям сёння вельмі патрэбна іх малітва, навучанне, слова Евангелля, добры асабісты прыклад і сведчанне пра Хрыста.

“Сённяшні свет патрабуе сведкаў веры, моцных і адважных, поўных надзеі і любові, працавітых і ахвярных. Няхай у гэтым нялёгкім, але вельмі патрэбным і адказным служэнні спадарожнічае вам заўсёды Божае благаслаўленне”, – сказаў біскуп.

На заканчэнне іерарх пажадаў, каб узорам паслухмянасці Пану Богу і ахвярнай службы бліжнім для іх была заўсёды Беззаганная Панна Марыя, Заступніца семінарыі, i каб кожны чалавек у іх служэнні бачыў дабрыню, любоў і міласэрнасць нашага Пана Езуса Хрыста.

Кожны з кандыдатаў выказаў перад біскупам, сабранымі святарамі і ўсім Божым народам волю прыняць служэнне дыяканату і склаў абяцанні цэлібату і малітвы Літургіі гадзін.

 

Дыякан Aндрэй Каўшук нарадзіўся 16 лютага 1986 г., паходзіць з парафіі Найсвяцейшай Тройцы і св. Францішка Асізскага ў Свіслачы.

dyjakany nn 48

 

Дыякан Эрнэст Мікалайчык нарадзіўся 1 лютага 1994 г., паходзіць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара) у Лідзе.

dyjakany nn 42

 

Дыякан Раман Вайцяховіч нарадзіўся 30 студзеня 1994 г., паходзіць з парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец).

dyjakany nn 49

 

Дыяканат з’яўляецца першай з трох ступеняў сакрамэнту пасвячэння. У абрадзе пасвячэння біскуп ускладае на кандыдата рукі, але не для святарства, а для служэння. Дыяканы пакліканы не для таго, каб замяняць святароў, а для таго, каб іх падтрымліваць.

 

Дыяканы могуць быць упаўнаважаны між іншым да ўдзялення хросту і святой Камуніі, абвяшчэння Божага слова або правядзення пахавання. Яны спаўняюць таксама ролю асістэнтаў біскупаў і прэзбітэраў у літургічных функцыях і розных цэлебрацыях, між іншым заключэнні сужэнства.

 

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: кл. Томаш Мікалайчык