Skip to main content

Валанцёры парафіяльнага “Карытас” у Іўі падрыхтавалі святочныя аздабленні

azdoblenni 1

Валанцёры парафіяльнага “Карытас” у Іўі, які дзейнічае пры касцёле свв. апосталаў Пятра і Паўла, падрыхтавалі святочныя дэкарацыі і ўпрыгажэнні на святы Божага Нараджэння.

За атрыманыя сродкі ад продажу святочных аздабленняў будуць падрыхтаваны падарункі самотным і патрабуючым, якія будуць ім перададзены ў перыяд святаў.

Як адзначыў у размове з карэспандэнтам grodnensis.by кс. Ян Гавецкі, пробашч парафіі, гэтая акцыя праводзіцца ў іўеўскай парафіі кожны год і сустракае вялікую адкрытасць і зычлівасць вернікаў, якія хочуць дзяліцца тым, што маюць.

azdoblenni 2

“Гэтая ініцыятыва вучыць нашых вернікаў быць чулымі і адкрытымі на патрэбы іншых. Часам патрэбна няшмат, каб падарыць іншаму чалавеку радасць і цеплыню”, - дадаў святар.

Па словах кс. Гавецкага, дзяленне з іншымі тым, што маеш сам, заўсёды ўзнагароджваецца, таму што Божы Провід так кіруе жыццём чалавека, што атрымаеш яшчэ больш.

azdoblenni 4

Падобныя акцыі парафіяльны “Карытас” у Іўі, які з’яўляецца філіялам Рэлігійнай місіи “Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі, праводзіць некалькі разоў у год з нагоды святаў і ўрачыстасцяў.

Кс. Юрый Марціновіч