26 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, у парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі ў Літургічную службу алтара былі прыняты новыя члены.
Тры хлопцы, якія раней прайшлі курс падрыхтоўкі, падчас урачыстай святой Імшы атрымалі комжы і склалі міністранцкую прысягу. Пробашч парафіі кс. Ян Гавецкі пажадаў новым міністрантам, каб сваё служэнне яны спаўнялі з вялікай руплівасцю і ўсім сваім сэрцам служылі Пану.
Удзел у Літургічнай службе алтара – гэта гонар не толькі для кожнага з хлопцаў, але і для іх бацькоў. Міністрант любіць Бога і дзеля Яго хвалы ўзорна спаўняе свае абавязкі.
Перажываючы сакрамэнтальную літургію, міністрант вучыцца перажываць усё сваё жыццё як любоў да Бога і асвячэнне сябе як хрысціяніна. Заўсёды, незалежна ад месца і асяроддзя, у якім знаходзіцца, ён не перастае быць міністрантам – чалавекам, вельмі блізкім да Пана Бога.
Кс. Юрый Марціновіч