Наступны пастырскі год у нашай краіне згодна з рашэннем епіскапату Беларусі будзе праходзіць пад тэмай “Моладзь – надзея Касцёла і грамадства”. Погляд вернікаў будзе скіраваны да моладзі, і яны будуць заахвочаны да асаблівай малітвы за маладых людзей.
Як адзначыў у размове з карэспандэнтам grodnensis.by кс. Ян Раманоўскі, старшыня сінадальнай камісіі па справах душпастырства моладзі, абраная тэма павінна падрыхтаваць Касцёл да плённага правядзення Сінода Біскупаў, прысвечанага пытанням моладзі.
“У сённяшнім свеце, дзе вельмі часта змяняюцца каштоўнасці, перажываецца крызiс веры. Маладым людзям асабліва цяжка быць вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню і даваць сапраўднае сведчанне веры”, – адзначыў святар.
Ксёндз Раманоўскі дадаў, што Касцёл на Гродзеншчыне, які распачаў I Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, павінен звярнуць асаблівую ўвагу на новыя пакаленні вернікаў і ўважліва прыслухацца да іх праблем і прагненняў.
"Нам трэба прыкласці шмат намаганняў, каб дапамагчы сучаснай моладзі не згубіцца і быць вернымі Хрысту, бо менавіта ад гэтага залежыць будучыня Касцёла і ўсяго нашага грамадства”, – сказаў святар.
Старшыня камісіі па справах душпастырства моладзі запэўніў, што іх задачай падчас трывання Сінода будзе менавіта прыслухацца да маладых людзей, каб зразумець іх дакладна.
XV Генеральная Звычайная Асамблея Сінода Біскупаў пройдзе з 3 па 28 кастрычніка 2018 г. у Ватыкане. Тэмай абрана: “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”.
Кс. Юрый Марціновіч