Напярэдадні ўрачыстасці Усіх Святых у гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) адбыўся баль Усіх Святых. У сустрэчы прынялі ўдзел найперш малодшыя парафіяне, што апрануліся ў касцюмы святых, якіх Каталіцкі Касцёл успамінае на працягу літургічнага года.
Гэты баль дапамог дзецям пазнаёміцца са сваімі святымі апекунамі, нагадаў, што святасць з’яўляецца пакліканнем кожнага хрысціяніна, бо кожнаму гэты арэол да твару. Таксама гэта была нагода да супольнай забавы.
Падчас сустрэчы дзеці маглі ўсвядоміць, што святыя дапамагаюць нам у нашым змаганні за святасць. Больш за тое, не толькі дапамагаюць, але і знаходзяцца з намі кожны дзень, сапраўды блізкія да нас, хочуць дапамагчы нам, каб мы былі праўдзівымі святымі: не прыбранымі ў іх, не адзін раз у год, а сапраўднымі і назаўсёды.
Кс. Юрый Марціновіч