Skip to main content

Біскуп Кашкевіч прыняў удзел ва ўрачыстасцях 10-годдзя беатыфікацыі бл. Цэліны Бажэнцкай у Кэнтах (Польшча)

 

kenty 1929 кастрычніка ў Кэнтах (Бельска-Жывецкая дыяцэзія, Польшча) адбыліся адпустовыя ўрачыстасці ў гонар бл. Цэліны Бажэнцкай, заснавальніцы супольнасці Сясцёр Змёртвыпаўстанак. Адпустовую Імшу суму ў парафіяльным касцёле свв. Малгажаты і Кацярыны, дзе знаходзяцца парэшткі бл. Цэліны, узнесенай 10 гадоў таму да хвалы алтара, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Прысутнасць біскупа Кашкевіча ў Кэнтах мае для сясцёр змёртвыхпаўстанак сімвалічнае вымярэнне, бо злучае землі і месцы, блізкія благаслаўлёнай заснавальніцы. Перш чым Цэліна Бажэнцкая прыбыла ў Кэнты, яна была звязана з гродзенскай зямлёй, дзе рэалізавала раней пакліканне жонкі і маці. Пазней, як манахіня, яна таксама ахвотна прыязджала ў Абрэмшчыну, таму яе сувязь з гэтай зямлёй працягвалася да самай яе смерці, на працягу 60 гадоў.

Як прароча гучаць словы Цэліны Бажэнцкай, запісаныя ў 1884 г.: “Шчасце было вялікае, калі я сюды прыбыла. (…) Абрэмшчына зусім не змянілася (…) Мяне віталі тут з любоўю – мне ажно было сорамна, што мяне тут так любяць, як быццам я мела нейкі арэол”.

У сёлетніх урачыстасцях, якія адбыліся ўжо ў 10-ы раз, прынялі ўдзел святары, сёстры законныя, прадстаўнікі ўлады, прадстаўнікі сям’і Бажэнцкай, жыхары Кэнтаў і ваколіц.

kenty 3

У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуў увагу на тое, што незвычайны жыццярыс бл. Цэліны Бажэнцкай паспрыяў таму, што Кэнты і Гродна, нягледзячы на значную геаграфічную адлегласць, духоўна вельмі блізкія.

“Дзякуй Богу, прастора духу і веры не вымяраецца ў кіламетрах”, – дадаў іерарх, прыгадваючы гісторыю жыцця Цэліны Бажэнцкай з Хлюндзінскіх.

Біскуп запэўніў, што сёння таксама вернікі гродзенскай зямлі і ваколіц злучаюцца духоўна з жыхарамі Кэнтаў, дзякуючы Пану за жыццё і служэнне блю Цэліны. “Нібы поўны, паспелы жытнёвы колас, вырасла яна на ўраджайнай духоўна зямлі, шчодра акропленай крывёю мучанікаў і арошанай слязьмі незлічоных веравызнаўцаў”, – падкрэсліў іерарх і звярнуў увагу, што Бог прывёў Цэліну да сталасці ў веры, да асабістай святасці і да хвалы збаўленых “вельмі дзіўнымі шляхамі”.

Гродзенскі ардынарый маліўся аб тым, каб бл. Цэліна прасіла ў Бога для ўсіх дар адвагі і гераізму “ў гэтай штодзённай бітве за любоў”. “Каб мы здолелі мужна перамагчы ўсялякі эгаізм, ляноту дуу і марудлівасць. Каб наша зямное жыццё было крочаннем дарогай жывой веры і дзейснай любові праз крыж штодзённых спраў да хвалы ўваскрасення”, – заклікаў іерарх.

Генеральная настаяцельніца сясцёр змёртвыхпаўстанак с. Дарота Зыгмунт CR у словах падзякі нагадала, што менавіта тут 126 гадоў таму Цэліна разам з дачкой Ядвігай адкрыла першы на польскіх землях манаскі дом змёртвыхпаўстанак, дзе адбываецца фармацыя манахінь. Такама настаяцельніца нагадала, што тут благаслаўлёная заснавала апостальскую справу пад назвай “гадавальнік”, якая сёння функцыянуе як дзіцячы садок яе імя. „У гэтым прыгожым месцы мы можам сустрэць як духоўныя, так і матэрыяльныя сляды прысутнасці бл. Цэліны”, – дадала с. Дарота Зыгмунт.

kenty 41

Манахіня выказала падзяку біскупу Кашкевічу за тое, што іерарх узначаліў сёлетнія ўрачытасці, а таксама за пашырэнне культу благаслаўлёнай на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Рэліквіі бл. Цэліны знаходзяцца ўжо ў пяці святынях у Гродзенскай дыяцэзіі.

Даведка:

Цэліна з Хлюдзінскіх Бажэнцкая нарадзілася 29 кастрычніка 1833 г. у Антавілі каля Оршы (зараз Беларусь). У 1853 г. выйшла замуж за Юзафа Бажэнцкага і пасялілася ў Абрэмшчыне каля Гродна. Нарадзіла чацвярых дзяцей, з якіх двое памерлі ў маленстве. Пасля смерці мужа ў 1875 г. выехала з дзвюма дочкамі ў Рым. Там яна пазнаёмілася з генеральным настаяцелем змёртвыхпаўстанаў, кс. Пятром Семяненкам. Пад яго ўплывам вырашыла разам з дачкой Ядвігай заснаваць жаночую галіну гэтай супольнасці. 6 студзеня 1891 г. змёртвыхпаўстанкі былі зацверджаны як кантэмпляцыйна-дзейсная супольнасць, задачай якой было навучанне і хрысціянскае выхаванне дзяўчат.

У 1891 г. Цэліна адкрыла ў Кэнтах першы манаскі дом на польскіх землях. У 1896 г. яна распачала апостальскую працу ў Балгарыі, затым у Чэнстахове і Варшаве, а ў 1900 г. у Злучаных Штатах.

Цэліна Бажэнцкая памерла ў Кракаве 26 кастрычніка 1913 г., была пахавана на могілках у Кэнтах, побач з дачкой Ядвігай, памерлай 7 гадоў раней. У 1937 г. адбылася эксгумацыя іх парэшткаў, што блі перанесены ў крыпту пад капліцай сясцёр змёртвыхпаўстанак. У 2001 г. адбылася чарговая эксгумацыя, і парэшткі абедзвюх заснавальніц супольнасці былі змешчаны ў саркафаг у парафіяльным касцёле свв. Малгажаты і Кацярыны.

Беатыфікацыя маці Цэліны адбылася 27 кастрычніка 2007 г. у базыліцы св. Яна на Латэране.

Дамы супольнасці Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана знаходзяцця ў Польшчы, Беларусі, Італіі, Вялікабрытаніі, Злучаных Штатах, Канадзе, Аргенціне, Аўстраліі і Танзаніі.

Сёстры змёртвыхпаўстанкі здзяйсняюць сваё пасланніцтва праз малітву і апостальскую працу, напрыклад выхаванне і навучанне дзяцей і моладзі, катэхізацыю, парафіяльную працу, дабрачынную і місіянерскую дзейнасць.

Кс. Юрый Марціновіч