15 кастрычніка навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне перажывалi свой дзень засяроджання. Ён дазволіў семінарыстам цалкам акунуцца ў атмасферу малітвы, цішыні і засяроджанасці, каб глыбей пазнаць саміх сябе, паглядзець на сваё жыццё з адлегласці і аднавіць сваю сувязь з Хрыстом.
Духоўным кіраўніком чарговага дня засяроджання быў кс. д-р Аляксандр Мацкевіч, канцлер Гродзенскай курыі і выкладчык ВДС, які прапанаваў навучэнцам паразважаць над урыўкам Евангелля паводле Лукі аб Езусе і Закхеі (Лк 19, 1-10).
Час духоўных практыкаванняў стаў для семінарыйнай супольнасці хвілінамі шчырасці з Богам, якія дапамогуць будучым святарам распазнаваць свой непаўторны жыццёвы шлях і няспынна сузіраць блізкасць Бога ў штодзённым жыцці.
Асновай усіх высілкаў працы над сабой з’яўляецца духоўная фармацыя, якая імкнецца выхоўваць у кандыдаце да святарства тоеснасць слугі Хрыста. Семінарысты праз штодзённую малітву, духоўныя чытанні, разважанне над Божым словам, а найперш праз Эўхарыстыю стараюцца як найлепш сфармаваць сваё сэрца на ўзор Настаўніка. Важным элементам духоўнай фармацыі з’яўляюцца таксама штотыднёвыя пакутныя набажэнствы, злучаныя з цэлебрацыяй сакрамэнту пакаяння, дні засяроджання і рэкалекцыі.
JM