14 кастрычніка прайшло адкрыццё новага навучальнага года на «Міждыяцэзіяльных курсах сямейнага жыцця» ў Гродне. На 2017/2018 год на курсы залічана 20 слухачоў з Гродна, Ваўкавыска і Ліды.
Святую Імшу ўзначаліў сакратар Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі а. Пётр Фраштэнга OCD. У гаміліі дыяцэзіяльны душпастыр сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі а. Дзмітрый Лабкоў CSsR звярнуў увагу на Святую Сям’ю як прыклад для сем’яў, у якім можна знайсці ўсё, што можа спрыяць іх развіццю.
Пасля Імшы а. Эдвард Пяцельчыц CSsR выступіў з інаўгурацыйным дакладам на тэму «Энцыкліка Humanae Vitae», прысвечаным уплыву кантрацэпцыі на грамадства і Касцёл. Як было адзначана ў дакладзе, "у энцыкліцы Humanae Vitae ў 1968 Папа Павел VI пацвердзіў вучэнне Касцёла аб недапушчальнасці любой кантрацэпцыі. Энцыкліка амаль паўсюдна была ўспрынята негатыўна, нават у каталіцкім асяроддзі".
Па словах дакладчыка, "сітуацыя пагаршаецца, калі пара яшчэ не заключыла шлюб, або, напрыклад, яны проста жывуць разам без якіх-небудзь дакладных планаў на будучыню". З-за росту бясплоднасці расце попыт на экстракарпаральнае апладненне, якое фактычна не лечыць бясплоднасць. Урачы не імкнуцца выявіць прычыну бясплоднасці пары, а ўсяго толькі абыходзяць натуральныя дзетародныя працэсы. Чалавечым істотам, атрыманым пры дапамозе гэтай методыкі, даецца магчымасць расці на працягу некалькіх дзён, пасля чаго "няякасныя" эмбрыёны знішчаюцца. З тых, што засталіся, некаторыя імплантуюцца ў матку маці, іншыя глыбока замарожваюцца для магчымага будучага выкарыстання або для эксперыментаў. Залішне казаць, колькі грошай можна зарабіць на гэтым.
"Кантрацэпцыя нішчыць любоў! Сэнс любові не ў тым, каб браць, але каб даваць. Яна не скупая, а шчодрая", — адзначыў а. Эдвард Пяцельчыц.
Святар звярнуў увагу, што "на сям’ю і сужэнства у цяперашні час актыўна і сістэматычна вядзецца атака з усіх бакоў" і што ў гэтай атацы кантрацэпцыя з’яўляецца ключавым фактарам. "У католікаў вельмі мала дзяцей, існуе сур’ёзны недахоп пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцц", — падкрэсліў дакладчык.
Задачай кожнага хрысціяніна, як было адзначана, — "абвясціць з усёй моцай пасланне энцыклікі Humanae Vitae". Без гэтай умовы немагчымым з’яўляецца аднаўленне стабільных сужэнстваў і здаровых сем’яў у хрысціянскіх краінах.
Пасля дакладу адбылася дыскусія на тэмы, закранутыя ў ім.
"Міждыяцэзіяльныя курсы сямейнага жыцця" ў Гродне былі заснаваны дэкрэтам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў 2009 г. Непасрэдную адказнасць за іх нясе Рада па справах сям’і пры ККББ.
Iрына Мялешка