Skip to main content

Сустрэча сем’яў адбылася ў Навагрудку

navsemii 4

З 13 па 15 кастрычніка ў кляштары Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) у Навагрудку адбылася чарговая сустрэча сем’яў. У сустрэчы прынялі ўдзел 72 чалавекі з Ліды, Гродна, Навагрудка, Мінска, якія правялі гэтыя тры дні ў вялікай дружнай супольнасці.

Сустрэча была прысвечана тэме Духа Святога ў сакрамэнтах і літургіі. Раскрыць гэтую тэму дапамагаў кс. Віталій Сідорка. Святар падкрэсліваў, што ўсё Божае, што адбываецца ў Касцёле, з’яўляецца справай Духа Святога. А тое, чаму калісьці Езус Хрыстус паклаў пачатак на зямлі бачным спосабам, Дух Святы працягвае ў Касцёле спосабам нябачным, рэгулярна ўвасабляючы ў рэальнасці справу Хрыста.

Самі ж сужэнцы, удзельнікі рэкалекцый, адзначалі, што адчуваюць тую асаблівую прысутнасць Духа Святога ў іх сем’ях, сужэнстве. Яны заўважылі, што гэта Ён прыходзіць з дапамогай да чалавека, асабліва тады, калі чалавек не ведае, як паступіць, якое прыняць рашэнне. Яны перакананыя ў тым, што трэба часта звяртацца да Духа Святога ў малітве.

Гэтая тэма – Духа Святога і Яго дзеяння ў Касцёле і свеце – будзе далей паглыбляцца на сустрэчах, якія адбываюцца раз у месяц у гарадах, адкуль прыехалі ўдзельнікі дадзенага мерапрыемства. Гэтыя сустрэчы служаць разважанню над Божым словам, вучаць будаваць асабістыя адносіны з Богам і з бліжнімі.

Сястра Марыянна Алешчык CSFN, адна з арганізатараў рэкалекцый ужо на працягу многіх гадоў, адзначае, што падчас гэтай сустрэчы была магчымасць адсвяткаваць Дзень маці, які адзначаецца ў Беларусі.

“Некаторыя мамы казалі, што гэта самы лепшы Дзень мамы ў іх жыцці. Столькі радасці і весялосці. Сардэчная атмасфера, напоўненая малітоўным настроем, у акружэнні блізкіх людзей – мужа і дзяцей”, - дадае манахіня. Сястра Марыянна заўважае, што такія сустрэчы вучаць нашы сем’і сапраўднаму святкаванню розных святаў і ўрачыстасцяў, а таксама з’яўляюцца магчымасцю адкрыцца на Духа Святога.

Наступныя рэкалекцыі сем’яў у Навагрудку адбудуцца на рубяжы старога і новага каляндарнага года, з 30 снежня па 1 студзеня.

Кс. Юрый Марціновіч