Skip to main content

"Езу, свяці нам у цемры". У Гродна прыехаў брат з супольнасці Тэзэ

bart d 145 кастрычніка ў Гродна прыбыў брат Жан-Даніэль з экуменічнай супольнасці Тэзэ. Разам з членамі душпастырства “OPEN” ён прыняў удзел у св. Імшы ў пабрыгіцкім касцёле і памаліўся разам з імі ў духу Тэзэ. Пасля ўсе прысутныя сабраліся ў ніжняй зале святыні, дзе манах бліжэй пазнаёміў моладзь з дзейнасцю і духоўнасцю супольнасці. 

Бр. Жан-Даніэль упэўнены, што кожнаму, каму цікава жыццё абшчыны, варта ведаць наступнае:

  • заснавальнік супольнасці бр. Ражэ напісаў статут, дзе змясціў толькі самае неабходнае, што патрэбна для жыцця ў абшчыне. Тым самым ён хацеў сказаць, “каб браты не жылі мёртвым тэкстам, але прысутнічалі ў сваёй эпосе, былі «на адной хвалі» з сучаснікамі”;
  • дзейнасць, якую праводзяць браты з Тэзэ, не мае глабальнага значэння, але выяўляецца ў дробязях: накарміць галоднага, паклапаціцца пра самотнага, пажылога чалавека;
  • манахі працуюць не толькі ў вёсцы Тэзэ на тэрыторыі Францыі. Іх можна спаткаць на ўсіх кантынентах: яны жывуць пераважна сярод убогіх, раздзяляючы з жабракамі  іх нядолю і несучы ім свет Евангелля;
  • 40 гадоў таму браты адкрылі цэнтр дзённага знаходжання для інвалідаў у Бангладэш. На працу ва ўстанове яны ўладкоўвалі ў першую чаргу тых, хто меў цяжкае фінансавае становішча;
  • манахі апранаюць белы хабіт толькі падчас малітвы, а ўвесь астатні час ходзяць у цывільным. Тым самым яны падкрэсліваюць падабенства са свецкімі вернікамі, акцэнтуючы, што складзеныя абяцанні не даюць ім першынства ў Бога і ўсе маюць аднолькавыя правы на Яго.

bart d 19

Па словах бр. Жана-Даніэля, малітва ў духу Тэзэ – гэта:

  • калі цела, душа, розум – уся існасць чалавека накіроўваецца на размову з Усявышнім;
  • праслаўленне Госпада спевам;
  • энергія, якая вядзе чалавека праз усё жыццё;
  • спосаб знайсці самога сябе;
  • не магічнае заклінанне, што выконвае нашы жаданні. “Калі я быў трохгадовым хлопчыкам, мае бацькі купілі пральную машыну. Я ўпарта прасіў іх пасадзіць мяне туды – хацеў такім чынам выляцець у космас. Зразумела, бацькі трымалі мяне далей ад пралкі, каб я сабе не нашкодзіў. Дык давайце паверым, што Бог хоча для нас самага лепшага і, як добры Бацька, не пусціць нас у пралку”.

bart d 13

На заканчэнне сустрэчы бр. Жан-Даніэль запрасіў маладых людзей прыняць удзел у Еўрапейскай сустрэчы моладзі, якая адбудзецца на рубяжы каляндарнага года ў швейцарскім Базэлі, які мае сваю разыначку. “Гэта горад трох краін – ён размешчаны на тэрыторыі Швайцарыі, Францыі і Германіі. І ніколі не ведаеш, дзе акажашся, калі туды прыедзеш”, – дадаў брат на заканчэнне спаткання.

Еўрапейская сустрэча моладзі, якую праводзіць супольнасць Тэзэ, – гэта добрая нагода паназіраць за іншай духоўнасцю і адчуць дух сапраўднага хрысціянскага адзінства, папрактыкавацца ў валоданні замежнай мовай і атрымаць асалоду ад агляду мясцовых славутасцей.

Ангеліна Марцішэўская