Skip to main content

У Мінску адкрыўся новы будынак Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі

2017 10 04 nuncyatura 011Урачыстае адкрыццё і благаслаўленне новага будынка Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь прайшло 4 кастрычніка ў Мінску на пр. Незалежнасці, 46д.

Ва ўрачыстай цырымоніі прыняў удзел намеснік дзяржсакратара Папы Рымскага арцыбіскуп Джавані Анджэло Бэччу і міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Сярод гасцей — паслы шматлікіх краін і супрацоўнікі дыпламатычных місій, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Уладзімір Гуляка, прадстаўнікі іншых канфесій і рэлігій, настаяцелі і прадстаўнікі манаскіх супольнасцей у Беларусі. У цырымоніі таксама прынялі ўдзел біскупы нашай краіны, сярод якіх іерархі з Гродзенскай дыяцэзіі - біскуп Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі. 

Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, выступаючы перад прысутнымі з прывітальным словам, назваў адкрыццё новай нунцыятуры падзеяй, дзе сустракаюцца мінулае, сучаснасць і будучыня.

 

Адкрыццё будынка нунцыятуры супала з 25-годдзем устанаўлення дыпламатычных адносін паміж Ватыканам і Беларуссю.

"За 25 гадоў мы мелі магчымасць перажыць шмат сапраўды плённых падзей. За гэты час шмат рэчаў змянілася ў свеце і Беларусі, але мэта нашага супрацоўніцтва засталася нязменнай — мы і далей жадаем супольна працаваць на карысць агульнага дабра, каб гэты свет станавіўся найлепшым месцам для кожнага чалавека", — сказаў іерарх.

 

Старшыня беларускага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваёй прамове назваў падзею 25-гадовай даўніны "вельмі вялікім гістарычным крокам тых часоў". Беларускі іерарх падкрэсліў, што будынак нунцыятуры — гэта ў першую чаргу дом Папы Рымскага.

2017 10 04 nuncyatura 026

 

У сваю чаргу міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей зазначыў, што Беларусь разглядае Ватыкан як "вельмі важнага партнёра" з пункту гледжання развіцця адносін з іншымі краінамі і рознымі міжнароднымі арганізацыямі.

"Нас збліжаюць практычна аднолькавыя падыходы да тых пытанняў, якія сёння турбуюць увесь сусвет — гэта пытанні захавання міру, бяспекі, сацыяльнай справядлівасці, традыцыйных каштоўнасцей", — сказаў палітык.

Міністр выказаў падзяку Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі за "ўзважаны падыход да захавання міжканфесійнай згоды ў Беларусі" і "за імкненне вырашаць магчымыя пытанні шляхам дыялогу, для якога характэрны ўзаемная павага і паразуменне".

 

Уладзімір Макей пажадаў Апостальскаму Нунцыю і яго супрацоўнікам плёну ў служэнні на Беларусі.

Намеснік дзяржаўнага сакратара Папы Рымскага арцыбіскуп Джавані Анджэло Бэччу зазначыў, што новая сядзіба нунцыятуры — "ясны знак вялікай любові, якую Папа Францішак мае да Беларусі".

"Я прыношу глыбокую падзяку Святога Айца католікам гэтай краіны за нястомную адданасць службе на карысць людзей", — падкрэсліў ватыканскі іерарх.

Арцыбіскуп Бэччу дадаў, што сакральнае ўбоства ў новаадкрытай нунцыятуры зроблена з бліскучага і паліраванага камня чырвона-рубінавага колеру, "каб паказаць сувязь паміж ахвярамі, перажытымі беларусамі з любоўю і гераізмам, і крывёю Хрыста, пралітай на крыжы, вобраз якога адлюстраваны на знешняй сцяне будынка пры галоўным ўваходзе".

Іерарх дадаў, што пакідае пажаданне Святога Айца: "Каб усе вы заўсёды маглі знайсці ў гэтым месцы працягнутую руку і дружалюбную прысутнасць". 

На заканчэнне арцыбіскуп Габар Пінтэр выказаў спадзяванне, што падзея спрычыніцца да таго, ў недалёкай будучыні "сапраўдны гаспадар гэтага дома — Святы Айцец — зможа наведаць Беларусь і асабіста адчуе гасціннасць гэтага краю".

Паводле Catholic.by