Skip to main content

Напярэдадні ўспаміну св. Францішка ў Гродне адбылося набажэнства “Transitus”

transitus 2Кожны год 3 кастрычніка, напярэдадні літургічнага ўспаміну святога Францішка Асізскага, усе францішканскія сем’і свету ўдзельнічаюць у спецыяльным літургічным набажэнстве “Transitus” (з лац. transitus — пераход), якое ўзгадвае момант смерці ці пераходу да вечнага жыцця “Патрыярха ўбогіх” – св. Францішка Асізскага.

Увечары 3 кастрычніка ў касцёле Маці Божай Анёльскай у Гродне, дзе на працягу многіх гадоў служаць айцы з Законy Братоў Меншых Канвентуальных (францішкане), адбылося набажэнства “Transitus”. Гэта ўспамін смерці св. Францішка з Асізі, які памёр ноччу 3 кастрычніка 1226 года. Яму было тады 45 гадоў. Дваццаць з іх ён пакутаваў, а два апошнія гады насіў на руках, нагах і на баку раны Пана нашага Езуса Хрыста.

Мэта гэтага набажэнства – распаліць і ажывіць францішканскі дух у верніках, каб яны маглі знайсці ў сваім сэрцы мір, што з’яўляецца адказам на сённяшнія неспакойныя часы.

Узначаліў набажэнства ля бакавога алтара св. Францішка а. Павел Раманчук OFMConv.

Айцец Антоні Пажэцкі OFMConv, звяртаючыся да ўдзельнікаў набажэнства, адзначыў, што яно з’яўляецца ўспамінам абставінаў адыходу святога бедняка з Асізі з гэтага свету. “Пан Бог даў вялікую ласку св. Францішку, каб ён мог годным чынам адысці з гэтага свету, пакінуўшы пасля сябе прыгожы прыклад вялікай любові да Хрыста”, – дадаў манах.

Па словах а. Пажэцкага, святы Францішак сёння дае чалавеку прыклад, што трэба чыстым сэрцам служыць Пану Езусу і несці іншым мір, любоў, дабрыню, прабачэнне.

transitus 1

“Мы хочам углядацца ў гэтага вялікага святога, які пагардзіў тым, што сучасны свет часта ставіць на першае месца, каб адкрыць найвышэйшае дабро, адкрыць Пана Бога і палюбіць Яго ўсім сэрцам”, – сказаў а. Пажэцкі.

Набажэнства паказала, што смерць — гэта не канец існавання чалавека, але толькі пераход; той самый таямнічы “transitus”, мост, які злучае нашае жыццё на зямлі з Тым, хто чакае нас у будучыні.

На заканчэнне шматлікія ўдзельнікі набажэнства ўшанавалі рэліквіі св. Францішка.

transitus 13

Кс. Юрый Марціновіч