Адзін з накірункаў працы Рэлігійнай місіі "Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас" Гродзенскай дыяцэзіі – дапамога ў арганізацыі адпачынку на тэрыторыі Беларусі для дзяцей са шматдзетных, няпоўных і праблемных сем’яў. Пачынаючы з 1997 г., кожнае лета дзіцячы аздараўленчы лагер у в. Нецеч Лідскага раёна прымае каля 350 дзяцей. Такі лагер быў арганізаваны і сёлета.
Дзякуючы спонсарскай дапамозе фонду "Renovabis" (Германія) у лагеры створаны паўнацэнныя ўмовы для прабывання і аздараўлення дзяцей.
Дзеці палюбілі гэты лагер, прыязджаюць туды зноў і зноў, ужо ў студзені пачынаюцца тэлефанаванні з пытаннямі: "…а ці будзе ў гэтым годзе «Нецеч»?" Таксама не толькі дзеці, але і дарослыя, якія хочуць прысвяціць свой водпуск прабыванню з дзецьмі, за некалькі месяцаў пачынаюць займаць месцы ў графіку зменаў. Многія з тых, хто ў першыя гады прыязджаў у лагер яшчэ дзіцём, зараз прыязджаюць у якасці выхаваўцаў ці абслугоўваючага персаналу.
Восьмы год дырэктарам лагеру з’яўляецца Ірына Мацвеенка, якая належным чынам арганізоўвае працу каталіцкага лагеру, выбудоўвае адноіны з сацыяльнымі партнёрамі, падтрымлівае цёплыя зносіны з жыхарамі вёскі Нецеч.
"Мы заўсёды робім устаноўку на тое, што лагерная змена – гэта вялікая і дружная сям’я, дзе ўсе роўныя і кожнае дзіця можа разлічваць на клопат і любоў, – кажа Ірына Аляксееўна.– Самае галоўнае, каб дзіця духоўна развівалася, бо кожны чалавек пачынае фарміравацца з дзяцінства".
У лагеры існуюць свае традыцыі, якія прыдумваюць самі дзеці і ўстанаўліваюць выхаваўцы. Так, традыцыйна праходзяць урокі катэхезы, дзеці ўдзельнічаюць у святой Імшы, арганізуюцца сустрэчы з цікавымі людзьмі. Праводзяцца тэматычныя святы, спартыўныя мерапрыемствы, вечары адпачынку. Дзецям падабаецца праводзіць час на ўроках рэлігіі, якія праводзіць кс. Віктар Савіцкі.
Дырэктар Ірына Мацвеенка захоўвае ўспаміны дзяцей і выхаваўцаў аб праведзеных у лагеры днях, аформленыя ў "Дзённік водгукаў". Напрыклад, Ульяна (9 гадоў) піша: "Самы класны лагер, тут самыя добрыя кухары, лепшыя дыскатэкі, вельмі добрыя гульні, самыя прыкольныя дзеці"; Арцём (11 гадоў): "Я хачу сказаць усім вялікі дзякуй! Кухарам за смачную ежу, прыбіральшчыкам за парадак і чысціню, выхаваўцам і семінарыстам за цікавыя гульні і духоўныя заняткі… Я хачу сюды прыехаць у наступным годзе!"
Вераніка, выхаваўца змены, адзначае: "Самае галоўнае адрозненне гэтага лагеру ад іншых – гэта духоўнасць, адзінства калектыву… Я вельмі рада, што ў мяне была магчымасць працаваць у гэтым лагеры, і вельмі моцна ўдзячная супрацоўніцтву з «Карытас». Гэта быў лепшы летні адпачынак з усіх магчымых, бо ён быў з Богам…"
Таксама ўражаннямі дзеліцца выхаваўца Таццяна: "Знаходзіцца тут – сапраўднае задавальненне. За два тыдні прабывання выхаваўцы, семінарысты і дзеці становяцца адной вялікай дружнай сям’ёй, з якой расставацца не хочацца ніколі. І асабліва радасна, калі дзеці вяртаюцца сюды зноў і зноў. Прыемнае адчуванне, калі дзеці потым знаходзяць цябе ў сацыяльных сетках і працягваюць з табой зносіны, запрашаюць у госці, з нецярплівасцю чакаюць наступнага лета…
Кожны дзень у лагеры насычаны рознымі падзеямі, заўсёды знаходзішся ў руху, таму што трэба зацікавіць дзяцей новымі гульнямі і конкурсамі. Вельмі спадабалася дзецям гульня-квест, потым усе разам па мапе шукалі скарб, «зніклых выхаваўцаў», разгадвалі шыфры і адгадвалі інтэлектуальныя загадкі.
Ніводная змена не падобная да іншай, усе па-свойму індывідуальныя і цікавыя. Адзінае, што аб’ядноўвае іх – гэта малітва, якая дапамагае быць бліжэй да Бога, натхняе на цэлы дзень…"
JM