23 верасня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася ўрачыстая інаўгурацыя новага навучальнага года. Сёлета гэтая ўстанова ўжо ў 28-ы раз прыняла маладых людзей, якія праз чалавечую, інтэлектуальную, духоўную і пастырскую фармацыю хочуць аддацца выключнаму служэнню Богу і Касцёлу.
На ўрачыстую інаўгурацыю прыбыло шмат гасцей. Прысутнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, выкладчыкі і выхавацелі, духавенства і сёстры законныя, свецкія супрацоўнікі семінарыі, а таксама рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Андрэй Рылка і віцэ-рэктар кс. Адам Дынак.
Усіх удзельнікаў урачыстасці прывітаў рэктар семінарыі кс. д-р Раман Рачко, які адзначыў, што інаўгурацыя новага 2017/2018 навучальнага года з'яўляецца вялікай падзеяй для ўсёй дыяцэзіі. Святар дадаў, што ад кожнага, хто ўтварае семінарыйную супольнасць, залежыць клімат у гэтай навучальнай установе, таму заклікаў дбаць аб добрым імені семінарыі і велікадушна адказваць на патрэбы Касцёла на Гродзеншчыне.
Ксёндз Андрэй Лішко, прэфект семінарыі, прадставіў прысутным справаздачу за мінулы навучальны год, у якой адзначыў, што гэты час быў вельмі багатым на разнастайныя падзеі, якія спрыялі атрыманню ведаў, а таксама багатым на розныя душпастырскія практыкі, якія праходзілі семінарысты.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у сваім слове звярнуў увагу на тое, што сучаснаму чалавеку – часта занядбанаму духоўна, разгубленаму, які нярэдка бунтуе і які ўсё ж, нягледзячы ні на што, шукае сэнс жыцця і ў глыбіні сэрца тужыць па сапраўдных, трывалых вартасцях, – вельмі неабходны святары, і ён ставіць да іх усё вышэйшыя патрабаванні.
„Святар павінен быць сапраўдным пастырам свайго люду – святым, аўтэнтычным у тым, што абвяшчае і як жыве, чалавекам, які з верай і замілаваннем глядзіць на Езуса Хрыста, бацькоўскай любоўю любіць вернікаў і з’яўляецца для іх надзейным духоўным правадніком у дарозе да Пана”, – дадаў біскуп Кашкевіч.
Іерарх падзякаваў дваім святарам, якія апошнія гады належалі да ліку мадэратараў і выхавацеляў семінарыі і якія завяршаюць сваё служэнне ў гэтай навучальнай установе і распачынаюць здзяйсненне новых заданняў у Касцёле.
Ксяндзу Здзіславу Вэдэру SDB біскуп падзякаваў за служэнне духоўнага айца, якое святар здзяйсняў апошнія два гады з вялікай любоўю, бескарыслівасцю і самапрысвячэннем, а таксама з сапраўдным айцоўскім клопатам пра духоўнае дабро навучэнцаў.
Гродзенскі ардынарый падзякаваў таксама ксяндзу Віталію Сідорку, які выконваў функцыі прэфекта, а зараз як пробашч новай парафіі ў Лідзе распачаў вялікую і цяжкую справу будаўніцтва парафіяльнага касцёла.
Біскуп прывітаў у ліку выкладчыкаў і выхавацеляў семінарыі ў Гродне кс. Яна Сарэлу, які будзе спаўняць функцыі духоўнага айца, і кс. Яна Раманоўскага, якому была даручана пасада прэфекта і выкладчыка філасофскіх навук.
Інаўгурацыя новага навучальнага года завяршылася ўручэннем заліковак навучэнцам першага курса, якія толькі распачынаюць вучобу ў семінарыі. Затым адбылася святая Імша ў семінарыйнай капліцы.
Духоўная семінарыя ў Гродне была заснавана 1 верасня 1990 года. За гады існавання семінарыя падрыхтавала больш за 150 святароў, якія вядуць душпастырскую дзейнасць у Беларусі, Украіне, Расіі і Казахстане.
На сённяшні дзень у гродзенскай Alma Mater каля 30 навучэнцаў, якія рыхтуюцца стаць святарамі. На першы курс сёлета залічана 2 чалавекі.
Кс. Юрый Марціновіч