16-17 верасня арганізатары летніх парафіядных лагераў наведалі Гродна і Сапоцкін. Станіслаў Кракала, кіраўнік парафіяднага лагеру ў Сянажэтах, сустрэўся са святарамі, які прымалі ўдзел у Парафіядзе разам з дзецьмі і моладдзю сваіх парафій.
Ужо шмат гадоў дзеці і моладзь з некалькіх парафій Гродзенскай дыяцэзіі ўдзельнічаюць у вакацыйных лагерах, арганізаваных Таварыствам Парафіяды імя св. Юзафа Каласанса. У летнім лагеры ў прыморскіх Сянажэтах сёлета ўдзельнічала 90 чалавек з трох парафій дыяцэзіі: Божай Міласэрнасці (Гродна), Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Гродна) і Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата (Сапоцкін).
Пасля двухтыднёвага адпачынку над морам дзеці і моладзь з Гродзеншчыны прынялі ўдзел у 29-й Міжнароднай парафіядзе дзяцей і моладзі ў Варшаве.
„Наш візіт у Гродна і Сапоцкін – гэта найперш нагода да радаснай сустрэчы ў парафіядным коле, прыемныя ўспаміны з лета і ўмацаванне сяброўства. Мы рады, што змаглі таксама наведаць гарады, дзе кожны дзень жывуць і вучацца нашы ўдзельнікі Парафіяды, мелі магчымасць пабачыць Гродна, Сапоцкін, Аўгустоўскі канал і ваколіцы”, – дзеліцца ўражаннямі і мэтай візіту ў Беларусь Станіслаў Кракала.
Кіраўнік лагеру выказвае надзею, што ў наступным годзе дзеці і моладзь у чарговы раз прымуць удзел у яшчэ адным выпуску парафіядных лагераў.
Кс. Юрый Марціновіч