Skip to main content

Біскуп Станеўскі ў Ваўкавыску: “Шукайце крыніцы, якой заўсёды з’яўляецца Езус Хрыстус”

waukawysk 2

У парафіі Св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску 18 верасня адбыўся тытульны фэст касцёла. На ўрачыстасцях сабралося шмат парафіян і гасцей, адпустовую святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

waukawysk 5

waukawysk 4

Жыццёвы шлях святога Станіслава Косткі вельмі добра ведаюць вернікі гэтай парафіяльнай супольнасці, якая абрала яго сваім асаблівым апекуном і заступнікам перад Богам. Для дзяцей і моладзі ў дзень адпусту былі арганізаваны конкурсы і забавы, мэтай якіх было найперш яшчэ больш наблізіць жыццярыс святога апекуна, які не даў падмануць сябе міражамі кар’еры, багатага і выгоднага жыцця, будучыні, забяспечанай багаццем бацькоў. Святы Станіслаў меў адвагу супрацьстаяць пануючай модзе на жыццё. Ён не хацеў толькі напаўняць страўнік, рабіць уражанне убраннямі, учыніць з жыцця адну вялікую забаву.

Ён бачыў, што гэты свет не заспакоіць ягонага суму, што раней ці пазней ён адчуў бы сябе ашуканым або расчараваным. Ён паверыў у любоў Бога да яго і ўсёй сваёй істотай адказаў Богу.

waukawysk 1

Менавіта аб гэтых важных рэчах узгадаў у гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі, які асаблівым чынам заклікаў усіх прысутных скіраваць свой позірк да новых пакаленняў. Іерарх адзначыў, што ў маладое пакаленне трэба інвеставаць і даваць добры прыклад для наследавання.

Таксама біскуп нагадаў пра культ Маці Божай і Найсвяцейшага Сакрамэнту, які быў характэрны для св. Станіслава. Звяртаючыся да бацькоў, іерарх прасіў, каб яны не шкадавалі свайго часу на фармаванне маладога пакалення – сваіх дзяцей, а каб “трымалі дзяцей за руку не толькі з першым крокам, калі яны толькі вучацца хадзіць, але каб і далей гэтая бацькоўская рука выхоўвала да самастойнага жыцця”.

Іерарх дадаў таксама, што нельга губляць ахвоту да выхавання сваіх дзяцей, калі не заўсёды відавочны яго эфект і калі часам страчваецца кантакт з маладым чалавекам, які не можа ўсталяваць гэты кантакт з бацькамі.

waukawysk 3

Звяртаючыся да дзяцей і моладзі, прысутных у святыні, біскуп заклікаў іх будаваць сваё жыццё на Езусе Хрысце і ў Яго шукаць штодзённай падтрымкі і сіл.

“Не канцэнтруйцеся на тым, што прапануе і дае маладому чалавеку сучасны свет, а шукайце крыніцы, якой заўсёды з’яўляецца Езус Хрыстус”, – сказаў іерарх.

На заканчэнне пробашч парафіі кс. канонік Алег Дуль падзякаваў усім за дар супольнай малітвы і за прыбыццё на адпустовую ўрачыстасць.

Кс. Юрый Марціновіч