11 верасня ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) адбылася сустрэча катэхетаў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Гэтай сустрэчай быў урачыста адкрыты катэхетычны год у дыяцэзіі.
У сустрэчы ўдзельнічала больш за 60 катэхетаў: святары, сёстры законныя, свецкія асобы. Галоўнай яе тэмай былі словы “Катэхет – місіянер Езуса Хрыста на ўзор Марыі”.
Падчас сустрэчы катэхетам нагадвалася, што яны павінны быць заўсёды верныя таму, што абвяшчаюць сваім падапечным. У канферэнцыі тыя, хто катэхізуе дзяцей і моладзь, пачулі, што “перад кожным катэхетам стаіць вялікая справа перамянення свету” і, каб гэта стала магчымым, “трэба ўсё часцей і бліжэй выходзіць да людзей”.
Айцец Дзмітрый Лабкоў, пробашч парафіі, пазнаёміў прысутных з тым, як выглядае катэхізацыя дзяцей і моладзі ў Дзевятоўцы. Святар адзначыў, што ў гэтым годзе катэхезай было ахоплена больш за 1500 чалавек, якія прымаюць удзел ва ўроках рэлігіі ў парафіяльных класах. Таксама пробашч распавёў аб душпастырскіх ініцыятывах з мэтай духоўнага развіцця дзяцей і моладзі, якія рэалізуюцца ў парафіі на працягу года.
Сустрэча завяршылася святой Імшой, якую ўзначаліў кс. канонік Ян Кучынскі, біскупскі вікарый Гродзенскага рэгіёна. Па словах святара, кожны, хто адказвае за катэхізацыю ў сваёй парафіяльнай супольнасці, павінен нястомна развівацца. „Каб штосьці даць іншаму чалавеку, трэба найперш мець гэта самому”, – дадаў кс. Кучынскі. Святар адзначыў, што гэтыя патрэбныя веды і жыццёвую мудрасць кожны катэхет павінен чэрпаць з крыніцы Божай праўды.
На заканчэнне было аб’яўлена, што сустрэча катэхетаў на завяршэнне катэхетычнага года адбудзецца напрыканцы мая 2018 г. у гродзенскай парафіi Божай Міласэрнасці (Вішнявец).
Кс. Юрый Марціновіч