У парафіі Св. Міхала ў Навагрудку з 23 па 27 жніўня ўпершыню ладзілася музычная майстэрня для дзяцей, моладзі і дарослых.
Як адзначыў кс. Юрый Жэгарын, пробашч парафіі, гэта мерапрыемства дае магчымасць праз веру выразіць спевам і музыкай тое, што немагчыма выразіць словамі, а таксама адчуць блізкасць, любоў Бога і дакрануцца сэрцам да Яго прыгажосці.
Наведвальнікамі музычнай майстэрні сталі маладзёжны гурт "Veni", які дзейнічае пры мясцовай парафіі, удзельнікі парафіяльнага хору, а таксама іншыя юныя і дарослыя вернікі. Сустрэчы і майстар класы, якія праходзілі на працягу некалькіх дзён, правялі ўдзельнікі музычнай супольнасці Ubi Caritas з Івянца на чале з духоўным кіраўніком а. Яўгенам Голубам, а таксама арганіст касцёла Св. Міхала Яўгеній Пяцельчыц і яго вучаніца Ірына Букіна. Дапамогу ў арганізацыі работы майстэрні аказала дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алена Аскерка.
Кульмінацыяй і плодам музычнай майстэрні быў заключны канцэрт праслаўлення, які адбыўся 26 жніўня, а таксама ўрачыстая св. Імша, якая сабрала каля 130 дзяцей і моладзі. Некаторыя ўдзельнікі майстэрні падзяліліся сваімі ўражаннямі. Барабаншчык парафіяльнага гурта “Veni” Данііл Сакевіч сказаў, што “дзякуючы майстэрні ён засвоіў некалькі прыгожых рытмаў і навучыўся адпаведнай тэхніцы гульні”.
Усе удзельнікі музычнай майстэрні выказалі надзею, што такое мерапрыемства стане традыцыйным і будзе ладзіцца штогод.
Тэкст: Анастасія Пятрова
Фота і відэа: Раман Хацян