Skip to main content

“Кожны год той жа маршрут, а ўсё нібы па-новаму”: адбылася пілігрымка Гродна-Рось

da jezusa 4

4-6 жніўня адбылася XVI пешая пілігрымка з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый Пана Езуса Журботнага ў Росі. Сёлета яна праходзіла пад дэвізам  “Праз Марыю да Езуса”.

У пілігрымцы прынялі ўдзел пераважна вернікі з Гродзенскай дыяцэзіі, у асноўным маладыя людзі. Аднак трэба заўважыць, што ёсць і вельмі паказальная група старэйшых людзей, якія ў сваім жыцці спазналі працу пілігрымавання і ўжо традыцыйна кожны год выходзяць у дарогу і заахвочваюць да пілігрымавання іншых.

da jezusa 10

Прынялі ўдзел у пілігрымцы і прадстаўнікі іншых дыяцэзій Беларусі, а таксама па некалькі чалавек з Польшчы, Літвы і Расіі.

Кожная пілігрымка мае сваю атмасферу, якую ствараюць самі ўдзельнікі. Кожны чалавек выключны і адметны, і менавіта гэтым ён уносіць свой вялікі ўклад у тую супольную справу, якой з’яўляецца пілігрымка.

da jezusa 1

Сёлета атмасфера падчас двух цяжкіх дзён пілігрымавання была выключнай, бо, нягледзячы на вялікую колькасць кіламетраў, якія трэба пераадолець, вернікі ідуць з радасцю на твары і вельмі ахвотна прымаюць у ёй удзел.

Ірына Хільмановіч з гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля, якая пілігрымавала ў Рось ужо чацвёрты раз, адзначае, што сёлета ёй найбольш запомнілася цудоўная атмасфера і настрой, які панаваў падчас шляху.

da jezusa 3

da jezusa 2

“Ужо чацвёрты раз прымала ўдзел у гэтай пілігрымцы. І сапраўды атрымала шмат пазітыўных эмоцый. Кожны раз гэта ўнікальная сустрэча з Богам і іншым чалавекам, які крочыць у тым самым напрамку побач”, - дзеліцца Ірына.

Дзяўчына дадае, што ў гэтай пілігрымцы ісці нялёгка, бо трэба пераадолець шмат кіламетраў і можна вельмі хутка страціць ахвоту.

“Пасля першага дня, калі былі ўжо на начлезе ў людзей, якія нас прымалі, у размове з сяброўкай я казала, што больш, здаецца, не пайду, бо вельмі цяжка зносіць і гарачыню сонца, і так шмат кіламетраў… Аднак пасля завяршэння пілігрымкі пачынаеш разумець, што ўсё гэта мае сэнс, што ў наступным годзе абавязкова трэба ісці, бо за гэты кароткі час пілігрымавання я атрымала столькі Божых дароў, колькі, пераканана, хопіць мне на ўвесь год”, - кажа Ірына.

da jezusa 9

Сапраўды, пілігрымаванне набліжае і да Бога, і да іншага чалавека. Менавіта тут людзі вучацца многім рэчам. Тут можна навучыцца таму, на што ў штодзённым жыцці часта не хапае часу. У пілігрымцы вернікі могуць навучыцца між іншым і ветлівасці адзін да аднаго, і даверу Богу.

da jezusa 8

Малітоўная атмасфера спрыяе таму, каб задумацца над сваім жыццём, якое вельмі часта патрабуе карэкціроўкі і змены напрамку.

da jezusa 7

Ксёндз Юрый Марціновіч, які стаяў ля вытокаў гэтай пілігрымкі і сёння прыкладае шмат намаганняў, каб яна не згубіла сваёй тоеснасці, адзначае, што з кожным годам гэтае пілігрымаванне набірае новыя абароты.

“Сёння вельмі часта кажуць, што вернікаў ахапіў крызіс, калі казаць пра пілігрымаванне. Што людзі больш шукаюць выгоды, не хочуць ісці ў пілігрымкі; моладзь вельмі часта выбірае забавы, але толькі не дарогу, здольнасць да ахвяры, самапрысвячэння… Гэта няпраўда! Сёння трэба больш рэкламы, заахвочвання і асабістага прыкладу!” – кажа святар.

da jezusa 5

Па словах ксяндза Марціновіча, гэтая пілігрымка з кожным годам разрастаецца, а ўсё гэта становіцца магчымым дзякуючы самім вернікам, якія шукаюць Бога і хочуць заспакоіць свой голад па Ім. “Трэба толькі дапамагчы такім людзям, направіць іх у адпаведнае рэчышча”, - дадае святар.

Кіраўнік пілігрымкі адзначае, што кожны год яе маршрут не змяняецца, аднак усё выглядае быццам упершыню. “Кожны год той жа маршрут, а ўсё нібы па-новаму. Ідуць і пастаянныя людзі, група валанцёраў, якая абслугоўвае пілігрымку, таксама амаль адна і тая ж. Тыя ж самыя прывалы, тыя ж парафіі прымаюць нас на начлег. Тыя ж сустрэчы з вернікамі пад крыжамі ці прыдарожнымі каплічкамі, аднак кожны раз для мяне ўсё быццам упершыню”, - заўважае кс. Юрый.

Сапраўды, трэба гэта перажыць! Ніколі не зразумее мэты пілігрымавання той чалавек, які ніколі не прымаў у ёй удзел. Трэба толькі адважыцца і пайсці! Патрэбна асаблівая адвага, каб рашыцца на ўдзел у пешай пілігрымцы Гродна-Рось, аб якой вельмі часта кажуць, што гэта найцяжэйшае паломніцтва ў нашай краіне. А калі ўважліва прыслухацца да меркаванняў іншых пра гэтую пілігрымку, то можна пачуць, што гэта адна з такіх, дзе пануе цудоўная атмасфера, і што гэта адна з найлепшых.

da jezusa 6

Ганна Глябовіч

Фота Максіма Хаванскага