Skip to main content

"Рэкалекцыі – агонь, які запальвае душу": адбыліся духоўныя практыкаванні для моладзі з лідскай парафіі Святой Сям'і

u lidzie 19 min 500x333Кожны год на летніх вакацыях моладзь з лідскай парафіі Святой Сям'і выязджае на моладзевыя рэкалекцыі. Сёлета яны ўпершыню праходзілі з 24 па 29 ліпеня ў Тракелях, каля цудадзейнага абраза Маці Божай Тракельскай, куды кожны год тысячы пілігрымаў прыходзяць, каб да ног Марыі прынесці свае інтэнцыі. Гэты час заўсёды з'яўляецца асаблівым, і кожны з маладых вернікаў лідскай парафіі чакае гэтай падзеі цэлы год.

Рэкалекцыі – гэта пераключэнне розуму з зямных, часовых рэчаў і засяроджванне яго на Богу, на рэчах духоўных. Гэта час цеснага ўзаемадзеяння з Богам, час малітвы, праслаўлення, душэўнага і фізічнага адпачынку, магчымасці пабыць удалечыні ад гарадской мітусні. На рэкалекцыях можна нібы абстрагавацца ад гэтага свету і ціха, слухаючы Айца, ісці на Яго кліч.

Гэты перыяд быў для ўдзельнікаў часам улівання ў душу духу спакою. Кожны з моладзі ўклаў у гэтыя рэкалекцыі частку сябе – а асабліва галоўныя арганізатары кс. Руслан Мазан і с. Хэлена Плахімовіч. Кожны дзень яны дапамагалі ўдзельнікам не толькі фізічна, але і духоўна, рабілі ўсё для таго,  каб моладзь магла адкрыцца на Духа Святога, вучылі ўсяму таму, што вядзе да радасці і дабра.

Кожны дзень пачынаўся з вясёлага званочка, які даваў зразумець, што трэба прачынацца і збірацца на ранішнюю сумесную малітву. Пасля моладзь ішла на сняданак. Усе сняданкі, абеды і вячэры ўдзельнікі рыхтавалі самі, што дазволіла яшчэ больш пасябраваць і навучыцца новаму. Неад'емнай часткай кожнага дня была святая Імша, дзе ўсе маглі прыняць Бога Жывога. Гэтак жа яны маліліся на працягу ўсяго дня Вяночкам да Божай Міласэрнасці і індывідуальным Ружанцам, слухалі канферэнцыі, удзельнічалі ў сумесных малітвах і песнях.

Цікавым для моладзі было і Silentium sacrum, што азначае Святое маўчанне кожны дзень. У адрозненне ад звычайных дзён, калі людзі спяшаюцца, не застаюцца сам-насам з сабой і са сваімі думкамі, тут кожны мог гэта зрабіць. У цішыні і з Бібліяй у руках удзельнікі разважалі над пэўнымі ўрыўкамі са Святога Пісання, разважалі пра тое, што Бог хоча сказаць праз сваё Слова. Потым моладзь збіралася разам, як дружная сям'я, каб абмеркаваць гэты ўрывак, падзяліцца думкамі.

Гэтак жа маладыя вернікі праводзілі вясёлыя вечары, прыдумлялі смешныя конкурсы, гульні, цікавыя віктарыны, танчылі, малявалі, спявалі, смяяліся і проста атрымлівалі асалоду ад моманту. Адчувалася сяброўская і цёплая атмасфера.

Адарацыі былі кульмінацыяй кожнага дня. Гэта быў час, калі кожны з удзельнікаў глядзеў на Панну Марыю, а Яна на яго, час, калі ўсё станавілася на свае месцы, усё рабілася выдатным і незвычайна простым. Маладыя вернікі выходзілі з кожнай адарацыі новымі людзьмі, з новымі думкамі і поглядамі.

Завяршэннем любога дня было чытанне Святога Пісання. Кожны з удзельнікаў рэкалекцый павінен быў цэлы тыдзень перад сном адкрываць Біблію, чытаць любы ўрывак, запісваць у нататнік, а калі рэкалекцыі падыходзілі да завяршэння – падумаць, што Пан хацеў сказаць, да чаго Ён вёў увесь гэты тыдзень.

“Моладзевыя рэкалекцыі запалілі і абнавілі ў нас Божы Дух. Нам, як маладым людзям, вельмі важна развіваць сваю веру, трымацца яе і спадзявацца на яе. Бо ў сучасным свеце столькі спакусаў і злога духа, што без Пана змагацца з гэтым амаль немагчыма. Свет пасля гэтых рэкалекцый не змяніўся, але змяніліся мы. І цяпер, натхнёныя і напоўненыя дабром і святасцю, мы гатовы ісці і дзяліцца гэтым агнём з іншымі”, - адзначаюць удзельнікі.

Вікторыя Бурч