26 ліпеня ў парафіі Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Перстуні (Сапоцкінскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар св. Ганны, маці Найсвяцейшай Панны Марыі.
На літургіі сабраліся шматлікія парафіяне – усе пакаленні, – каб праз заступніцтва святой Ганны прасіць Бога аб патрэбных дарах і ласках.
Урачыстую адпустовую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх адзначыў, што кожны чалавек вельмі многім удзячны сваім бацькам, якія перадаюць маладым пакаленням дар жыцця і дар веры. Біскуп заклікаў да выражэння малітвай удзячнасці бацькам.
Іерарх падкрэсліў, што кожны з бацькоў павінен з вялікай адказнасцю рэалізоўваць сваё пакліканне, да якога яго прызначыў Бог.
“Сучасны свет, Касцёл, грамадства маюць патрэбу ў святых маці і святых бацьках. Якія сёння сем’і, такое грамадства, такі Касцёл, такі свет. Ад нашых сем’яў залежыць будучыня”, – сказаў біскуп, заахвочваючы нанова звярнуць асаблівую ўвагу на важнасць інстытуту сям’і.
“Няма большага дару, чым быць маці ці бацькам, якія перадаюць новае жыццё”, – заўважыў іерарх.
Біскуп адзначыў, што кожнае дзіця хоча адчуць цеплыню роднага дому і хоча, каб яго любілі.
“Сёння мы молімся аб тым, каб кожнае дзіця магло глядзець у вочы маці і бацькі, каб яно магло прыслухоўвацца да біцця сэрца маці і быць у бяспецы ў абдымках бацькі”, – дадаў іерарх.
Падчас адпустовай Імшы асаблівым чынам маліліся за ўсе сем’і нашай краіны, каб яны былі заўсёды адкрытыя на дар новага жыцця і былі годным прыкладам для новых пакаленняў. Таксама маліліся аб новых і шматлікіх пакліканнях да служэння ў Касцёле, каб кожная сям’я стварыла адпаведную атмасферу для нараджэння новых пакліканняў.
Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні. Пробашч парафіі кс. Павел Гедройць падзякаваў усім удзельнікам адпустовай літургіі за дар супольнай малітвы, бацькам – за падтрымку хрысціянскіх традыцый, прысутным прадстаўнікам мясцовай улады – за ўзаемаразуменне, а ўсім жанчынам, якія носяць імя Ганна, пажадаў Божай ласкі на кожны дзень жыцця.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота семінарыста Андрэя Струкеля