Skip to main content

"Любоў + радасць - гэта святасць". Дзіцячы летнік адбыўся ў Смаргоні

 

letnik 3З 10 па 21 ліпеня ў смаргонскім араторыі імя св. Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі Св. Міхала Арханёла, адбыўся дзіцячы летнік. Тэмай сёлетняга адпачынку было жыццё і асоба св. Марыі Дамінікі Мадзарэлла, якая з’яўляецца сузаснавальніцай супольнасці сясцёр-салезіянак. Дзеці кожны дзень пазнавалі адметнасці з жыцця святой, якія пазней стараліся ажыццявіць у штодзённасці.

Кожны дзень летнік пачынаўся з Эўхарыстыі. Пасля адбываліся традыцыйныя бансы, спеў гімну, падыманне сцяга летніка, сцэнкі, праца ў групах і шмат гульняў. Дзеці былі раздзеленыя на чатыры групы, якія выбралі сабе наступныя назвы: “МДМ”, “Агеньчыкі з Марнэзэ”, “Мы Каманда” і “МДМікі”. Кожная каманда мела свой колер, дэвіз і “крычалку”.

letnik 5

letnik 4

Два разы ўсе ўдзельнікі выязджалі ў паход. Падчас аднаго падарожжа маленькія вернікі гулялі ў “індзейцаў”, дзе кожная каманда выбірала сабе кантынент і рабіла ў выбраным месцы сваю “міні-дзяржаву”. Каманда прыдумляла звычаі, традыцыйную кухню, адметныя пабудовы і мову дзяржавы. Гульня дазволіла ўбачыць крэатыўнасць і вялікую колькасць ідэй, што мае кожнае дзіця. Падчас другога падарожжа ўдзельнікі летніка наведалі палац Агінскіх у Залессі, што на Смаргоншчыне. Дзеці гулялі ў парку беларускіх магнатаў, елі спечаныя на агні каўбаскі, а таксама памаліліся ў радавой капліцы  Агінскіх, дзе адбылася св. Імша.

letnik 1

Дэвізам летніка былі абраныя словы: “Любоў + радасць - гэта святасць!”. Менавіта гэтыя аспекты бралі пад увагу арганізатары адпачынку. Кожнаму дзіцяці салезіянкі, салезіяне і аніматары стараліся прывіць любоў да Бога і бліжніх, а таксама паказаць вельмі важнае месца ў жыцці, якое займае хрысціянская радасць. Любіць і радавацца ў Хрысце – вось рэцэпт святасці ад св. Марыі Мадзарэлла!

letnik 2

У апошні дзень дзяцей чакала вялікая гульня. Хлопцы і дзяўчаты шукалі скарб, які быў скрадзены ў кс. Боско і маці Мадзарэллы. На вуліцах Смаргоні дзяцей чакалі пераапранутыя аніматары, якія пры ўмове выканання задання давалі зашыфраваныя словы. У канцы маленькія вернікі сабралі ўсе патрэбныя элементы і знайшлі скарб. На заканчэнне адпачынку ў араторыі адбыўся святочны канцэрт. Кожная з каманд падрыхтавала адмысловы нумар і прадставіла яго на сцэне.

Паводле sdb.by