Skip to main content

Сястра Наталля Дрэма склала вечныя абяцанні ў Воранаве

siastra 10

16 ліпеня ў сваёй роднай парафіі Святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранаве сястра Наталля Дрэма склала вечныя манаскія абяцанні. Манахіня належыць да Таварыства Сясцёр Місіянерак Каталіцкага Апостальства (палатынак), якія ўжо шмат гадоў служаць у воранаўскай парафіі.

Урачыстае складанне вечных абяцанняў адбылося падчас святой Імшы, на якой сабралася сям’я манахіні, сёстры з яе супольнасці, святары, семінарысты і шматлікія парафіяне.

Таварыства Сясцёр Місіянерак Каталіцкага Апостальства было заснавана ў Рыме ў першай палове XIX ст. святым кс. Вінцэтам Палоцці (1795 – 1850).

Мэта гэтай супольнасці – для большай Божай хвалы ажыўляць, паглыбляць і пашыраць веру, умацоўваць надзею і распальваць любоў паміж людзьмі. Сёстры палатынкі жадаюць абуджаць сярод вернікаў усведамленне іх апостальскага паклікання і спрыяць таму, каб была адна аўчарня і адзін Пастыр.

Паводле пажадання заснавальніка гэтай супольнасці св. Вінцэнта Палоцці, яе асновай з’яўляецца асаблівае наследаванне Езуса, а рэгулай жыцця – Евангелле.

Асаблівай рысай палатынскай духоўнасці з’яўляецца дух любові, пакоры і служэння, прастаты і цярплівасці, міласэрнасці і радасці сэрца. Кожная з сясцёр стараецца перажываць сваю штодзённасць паводле кароткіх дэвізаў заснавальніка: усё для бясконцай Божай хвалы, усё для знішчэння граху і ўсё для збаўлення душаў.

siastra 6

Няхай словы, якія ў дзень складання манаскіх абяцанняў прамовіла маладая манахіня сястра Наталля: “Прысвячаю сябе Богу, майму Пану, назаўсёды”, - будуць радасцю кожны дзень яе жыцця. Няхай Пан яе вядзе і ўмацоўвае.

Кс. Юрый Марціновіч