12-13 ліпеня фігура Маці Божай Фацімскай наведала касцёл Св. Юды Тадэвуша ў Вішневе.
Увечары 12-га ліпеня св. Імшу ўзначаліў смаргонскі дзекан кс. Леанард Станкоўскі. 13-га ліпеня Імшу цэлебраваў мядзельскі дзекан кс. Багуслаў Манджэеўскі. Вікарый смаргонскай парафіі св. Яна Паўла ІІ кс. Артур Валчкевіч, які апякуецца фігурай Маці Божай Фацімскай у Смаргонскім дзеканаце, на абодвух Імшах прамаўляў казаня аб Найсвяцейшай Панне Марыі з Фацімы, аб яе Беззаганным Сэрцы, аб закліку ўсіх людзей да навяртання і аб ласках, якія мы атрымоўваем праз Яе пасрэдніцтва.
Перэгрынацыя фігуры Найсвяцейшай Панны Марыі далa магчымасць кожнаму члену вішнеўскай парафіяльнай супольнасці асаблівым чынам падзякаваць Маці Божай за атрыманыя ласкі, якія Яна выпрошвае ў свайго Сына, а таксама праз Яе заступніцтва занесці да Збаўцы свае праблемы і штодзённыя клопаты.
Адмысловыя фацімскія набажэнствы ў вішнеўскай парафіі праводзяцца з 2006 года, кожны 13-ы дзень месяца з мая па кастрычнік - у дні, калі святая Марыя аб’яўлялася фацімскім пастушкам. Св. Імша цэлебруецца ў інтэнцыях падзякі і просьбаў да Маці Божай. Падчас набажэнства вернікі моляцца Ружанец і паміж кожнай яго таямніцай спяваюць марыйныя песні. Падчас гэтай малітвы на другой і чацвёртай дзясятцы парафіяне, трымаючы ў руках ружанцы, уздымаюць уверх рукі, як сімвал просьбы аб дапамозе і чынення пакуты за грахі свету, да чаго заклікала Найсвяцейшая Маці, калі аб’яўлялася партугальскім дзецям у Фаціме.
Кс. Антон Казлоўскі