З 3 па 9 ліпеня моладзь з Ліды і Шчучына разам з а. Вітальдам Пяцельчыцам SP і а. Андрэем Агелем SP прымала ўдзел у Міжнароднай сустрэчы піярскай моладзі (Piarist Youth Meeting 2017) у г. Стражніцы (Чэхія). У сустрэчы ўдзельнічалі каля 180 маладых людзей з пяці краін Еўропы: Беларусі, Венгрыі, Польшчы, Славакіі і Чэхіі.
Дэвізам сустрэчы былі абраны словы "З Каласансам да крыніц", што зусім не выпадкова, бо сёлета ўся піярская сям’я святкуе двайны юбілей: 400-годдзе існавання ордэна піяраў і 250-годдзе з дня кананізацыі св. Юзафа Каласанса. Сімвалічна, што месцам правядзення Міжнароднай сустрэчы піярскай моладзі падчас Каласансаўскага Юбілейнага Года была абрана Чэхія, таму што менавіта ў чэшскі горад Мікулаў у 1631 г. прыбылі першыя піяры з Італіі, каб распачаць сваю дзейнасць у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.
Падчас сустрэчы для моладзі былі запланаваны спатканні як у нацыянальных, так і міжнародных групах, таксама былі прапаваны майстэрні – "Традыцыйны танец", "Карытас", "Сучасны танец", "Хор", "Інтэграцыйныя гульні і забавы". Між іншым, праграма прадугледжвала наведванне Вены і Браціславы, таксама была запланавана пешая пілігымка ў Радэёў на адпустовую ўрачыстасць св. Кірыла і Мяфодзія. У перадапошні дзень на гарадской плошчы адбыўся канцэрт, падчас якога моладзь прадэманстравала вынікі працы ў майстэрнях, а таксама прадставіла нацыянальныя танцы і спевы.
Сустрэча завяршылася нядзельнай св. Імшой. Хочацца спадзявацца, што плёнам сёлетняй сустрэчы стане паглыбленне асабістых адносін з Богам, а таксама ўмацаванне сувязяў паміж піярскай моладдзю з розных краін Еўропы, бо нас аб’ядноўвае адна вера і адзін і той жа піярскі дух.
Аляксандр Снапко
Фота: Маргарыта Снапко