Skip to main content

Перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай пачалася ў Смаргонскім дэканаце

soly 1У Гродзенскай дыяцэзіі з нагоды 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у партугальскай Фаціме трывае перэгрынацыя фігуры Найсвяцейшай Панны Марыі.

9 ліпеня перэгрынацыя пачалася ў Смаргонскім дэканаце. Першай парафіяй, якую наведала фігура Панны Марыі, стала парафія Маці Божай Ружанцовай у Солах.

Фігура была перададзена з Астравецкага дэканату, з парафіі ў Гудагаі. На прывітанне фігуры сабралося шмат вернікаў, у тым ліку дзяцей. Маленькія парафіяне віталі Маці Божую песнямі. Гэта было вельмі сімвалічна, бо ў Фаціме Марыя аб’явілася менавіта дзецям.

Святую Імшу ў касцёле ў Солах узначаліў дэкан Смаргонскага дэканату кс. Леанард Станкоўскі. Святар даверыў Маці Божай усю парафіяльную супольнасць, просячы, каб Марыя мела ў сваёй асаблівай апецы ўсіх яе членаў.

Пасля Імшы кожны мог падысці да фігуры ці проста пабыць даўжэй перад абліччам Маці Божай.

Кс. Юрый Марціновіч