Skip to main content

Канікулы "з фацімскім акцэнтам" прайшлі для дзяцей у Сапоцкіне

sopockin 1

З 23 чэрвеня па 3 ліпеня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне адбываліся “Канікулы з Богам”. Кожны дзень у іх удзельнічала больш за 50 дзяцей.

Падчас канікул хлопчыкі і дзяўчынкі знаёміліся з фацімскім пасланнем, якое Маці Божая роўна 100 гадоў таму перадала свету, імкнуліся рэалізоўваць яго ў жыцці: штодня маліліся на ружанцы і разважалі над словамі, прамоўленымі Паннай Марыяй. Цэнтральнай падзеяй кожнага дня канікул была св. Імша, падчас якой дзеці разам з апекунамі ахвяравалі свае малітвы ў розных інтэнцыях: за хворых, церпячых, а найперш за грэшнікаў, аб заступніцтве за якіх заклікала Марыя.

sopockin 2Падчас канікул быў арганізаваны выезд у Нясвіж, Мір, дзе дзеці маглі пазнаёміцца з багатай гісторыяй і культурай, Гродна – з наведваннем катэдральнага касцёла, старога і новага каралеўскага замкаў. Адным з самых яркіх момантаў какнікул стала паездка на Аўгустоўскі канал. Акрамя таго, у праграме былі запланаваны спартыўныя забавы і выезд у аквапарк у Азёрах. Шмат часу прысвячалася маршрутам на роварах да прыдарожных крыжоў, дзе дзеці асаблівым чынам маліліся за тых, хто згубіўся на шляхах жыцця.

sopockin 3Час, супольна праведзены на малітве, экскурсіях і забавах, верагодна, паспрыяў узрастанню веры ў дзяцей і ўсталяванню новых сяброўскіх сувязей.

У правядзенні “Канікул з Богам” дапамагалі бацькі дзяцей і моладзь, якая калісьці таксама прымала ў іх удзел.

Кс. Юрый Марціновіч