21 чэрвеня, трэці дзень Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзііі, пачаўся святой Імшой у касцёле Маці Божай Анёльскай у Гродне. Цэлебраваў літургію ўпершыню ў гісторыі гродзенскай Парафіяды Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Маладыя людзі з вялікай радасцю віталі іерарха, які таксама з’яўляецца аматарам спорту, гучнымі апладысментамі. На пачатку літургіі арганізатар Парафіяды і адказны за спорт у дыяцэзіі кс. Артур Малафей уручыў госцю бэйджык, сімвалічна далучаючы арцыбіскупа Кандрусевіча да вялікай сям’і Парафіяды. Святар нагадаў, што гэтая сям’я з кожным годам павялічваецца за кошт новых членаў, якія прыбываюць на спартыўныя і рэлігійныя спаборніцтвы.
Сёлета ў Парафіядзе прымае ўдзел 557 чалавек з 40 парафіяльных супольнасцяў.
У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч разважаў над трыма “слупамі” Парафіяды: святыня, тэатр, спорт. Іерарх адзначыў, што праз удзел у Парафіядзе маладыя людзі “жадаюць будаваць сваё жыццё на фундаменце Евангелля”.
Разважаючы пра святыню, вакол якой канцэнтруецца Парафіяда, Мітрапаліт адзначыў, што менавіта яна “павінна стаць месцам сустрэчы кожнага чалавека з Богам, які прысутны ў сваім слове і ў сакрамэнтах”.
“Кожны з нас з’яўляецца артыстам. Кожны адыгрывае нейкую ролю ў жыцці, аднак трэба памятаць, што сцэнар прыдумаў сам Бог. Гэтым сцэнарам з’яўляюцца Божыя запаведзі, якія павінны вызначаць кірунак жыцця”, - падкрэсліў іерарх, кажучы пра тэатр як адзін са “слупоў” Парафіяды. Арцыбіскуп перасцярог, каб у жыцці маладых людзей не было спакусы “пісаць свой сцэнар”, які давядзе чалавека да роспачы і згубленасці.
Разважаючы над сутнасцю спорту ў жыцці чалавека, іерарх адзначыў, што ён павінен вучыць людзей камунікацыі і заўсёды весці да адзінства. “Мы павінны заўсёды імкнуцца да здабыцця медаля, які ніколі не страчвае сваёй каштоўнасці і якім будзе наш удзел у жыцці вечным”, - дадаў Мітрапаліт.
Трэці дзень Парафіяды прысвечаны спорту, таму пасля літургіі ўдзельнікі накіраваліся на стадыён, дзе пройдуць розныя спартыўныя мерапрыемствы.
Кс. Юрый Марціновіч