Skip to main content

Біскуп Станеўскі ўзначаліў працэсію Божага Цела ў лідскай Фары

pracesija 1118 чэрвеня дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўзначаліў святую Імшу і працэсію Божага Цела ў лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара).

Падчас Імшы іерарх маліўся ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафіяльную супольнасць, а таксама за яе душпастыраў. У гаміліі біскуп адзначыў, што запрашэнне Езуса да стала Вячэры Пана застаецца актуальным і датычыць усіх людзей.

Іерарх заклікаў удзельнікаў Імшы прымаць Езуса ў Эўхарыстыі так, каб Ён станавіўся для іх штодзённасцю.

Працэсію Божага Цела ўпрыгожылі дзяўчынкі, апранутыя ў белыя строі, якія ў гэтым годзе першы раз прынялі святую Камунію. Перад балдахінам яны сыпалі кветкі, а міністранты званілі ў званочкі.

Працэсія затрымалася на малітве ў чатырох месцах, дзе чыталі фрагмент Святога Пісання, прасілі Бога абараніць горад і людзей ад пажару, эпідэміі, голаду, няшчаснай смерці. На шляху спявалі рэлігійныя песні, праслаўляючы Бога, схаванага пад выглядам хлеба, як свайго караля. Упершыню ў працэсіі прыняў удзел аркестр Лідскага музычнага каледжа.

Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, або, як яшчэ яе называюць, Божага Цела, належыць да найбольш вялікіх у Каталіцкім Касцёле. Сёлета прыпадае 700-я гадавіна ўстанаўлення гэтага свята.

Кс. Юрый Марціновіч