На мінулых выходных у касцёл Свсв. Апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах прыбыла фігура Маці Божай Фацімскай - яе перадалі парафіяне з Трабаў. Вернікі лаздунскай парафіі на чале з пробашчам кс. Анджэем Бураком выйшлі далёка перад святыняй, каб прывітаць сваю Нябесную Маці. Затым, пад спеў “Авэ Марыя”, гучны звон званоў, па дарозе, высланай кветкамі, занеслі фігуру Маці Божай Фацімскай да парафіяльнай святыні.
З Божым Словам, набліжаючы фацімскую таямніцу, да вернікаў звярнуўся ксёндз дзекан Віктар Субель, пробашч парафіі ў Трабах. На заканчэнне літургіі адбылася працэсія з запаленымі свечкамі вакол касцёла.
Да паўночы святыня была адчынена, каб кожны жадаючы мог прыйсці і ў цішыні свайго сэрца памаліцца перад цярпліва слухаючай Марыяй.
Фігура Маці Божай Фацімскай таксама наведала вёску Доўнары, дзе ў капліцы, перабудаванай з вясковай хаты, была цэлебравана св. Імша. Па дарозе да гэтай капліцы вернікі затрымліваліся каля кожнага прыдарожнага крыжа. Людзі, якія віталі Маці Божую, не хавалі слёз радасці.
"Да адной сляпой парафіянкі, якая перамяшчаецца толькі ў інвалідным крэсле з дапамогай сына-інваліда, кс. пробашч прывёз фігуру Маці Божай у падворак. Для гэтай беднай жанчыны было вялікай радасцю дакрануцца сваімі рукамі да фігуры і такім чынам адчуць прысутнасць Марыі ў сваім жыцці", - распавяла адна з парафіянак.
Увечары 11 чэрвеня вернікі развіталіся з фігурай Маці Божай. Урачыстая працэсія вуліцамі Лаздуноў правяла Нябесную Маці ў суседнюю парафію Свсв. Пятра і Паўла ў Іўі.
Тэкст: кс. Анджэй Бурак
Фота: Д. Касперовiч