5 чэрвеня ў касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Германішках прыбыла фігура Маці Божай з Фацімы. Шматлікія вернікі з парафіі: асобы сталага ўзросту, дарослыя, моладзь і дзеці разам з кс. пробашчам Аляксандрам Сушынскім SAC сабраліся перад брамай парафіяльнай святыні, каб прывітаць Найсвяцейшую Маці.
Пасля ўнясення фігуры ў святыню была цэлебравана ўрачыстая св. Імша.
Божае Слова прамовіў кс. Аляксандр, прыпамінаючы, што "Марыя - гэта наша Маці, а кожны чалавек - гэта сын і дачка Марыі, паводле запавету, які пакінуў Езус Хрыстус з вышыні Крыжа: «Вось сын Твой, ... вось Маці твая....»". Святар таксама звярнуў увагу прысутных на давер і паслухмянасць Богу, якімі адзначалася Маці Божая.
Пасля літургіі адбылася працэсія з фігурай Марыі вакол святыні і малітоўнае чуванне перад абліччам Фацімскай Маці. Падчас чування парафіяне накіроўвалі да Марыі падзякі за любоў, дабрыню, дапамогу, а таксама звярталіся з просьбамі ў інтэнцыі патрабуючых, сумных, заклапочаных, бедных, тых, каго спакушае злы дух і аб навяртанні грэшнікаў. Пасля вернікі памаліліся Ружанец, просячы ў Нябеснай Маці прабачэння за свае правіны.
На працягу ўсяго наступнага дня дзверы святыні заставаліся адкрытымі, каб кожны асабіста ў дагодны для сябе час мог наведаць Марыю і ў цішыні даверыць сябе Яе Беззаганнаму Сэрцу.
Развітваючыся з фігурай Маці Божай Фацімскай, кс. пробашч падзякаваў усім за прысутнасць і адданасць Богу праз заступніцтва Маці Божай, а Марыі - за час ласкі і дабрыню Бога, якую аказаў праз перэгрынацыю фігуры ў парафіі.
З касцёла ў Германішках фігура Марыі накіравалася ў дыяцэзіяльны Санктуарый Маці Божай Каралевы Нашых Сем'яў у Тракелях.
AS